Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тымчасам малюсенечкая жанчына, пачуваўшая сябе, відочна, як у хаце, скіравалася насустрэчу да падходзіўшага да іх на сваіх кулях Максіма і, выцягнуўшы да яго руку, сказала тонам лагоднага адобраньня:

— Гэта добра, што вы ня б’еце сьляпога хлопчыка. Ён мне казаў.

— Няўжо-ж, панечка? — спытаўся Максім з камічнай важнасьцю, прымаючы ў сваю шырокую руку маленечкую ручку дзяўчынкі. — Як я ўдзячны майму гадунцу, што ён умеў настроіць на маю карысьць гэткую міленькую асобу.

І Максім расьсьмяяўся, гладзячы яе руку, якую трымаў у сваёй. Тымчасам, дзяўчынка і далей пазірала на яго сваім адкрытым паглядам, адразу заваяваўшым яго жананенавісьніцкае сэрца.

— Паглянь, Ануся, — зьвярнуўся ён да сястры з дзіўнаю ўсьмешкаю, — наш Пётра пачынае заводзіць самастойныя знаёмствы. І гэта-ж згадзіся, Аня… ня гледзячы на тое, што ён сьляпенькі, ён усё-ж такі ўмеў зрабіць не благі выбар, ці-ж ня праўда?

— Што ты хочаш гэтым сказаць, Макс? — спыталася маладая жанчына строга, і гарачая чырвань заліла ўвесь яе твар.

— Жартую! — адказаў брат ляконічна, бачачы, што сваім жартам ён закрануў хворую струну, агаліў тайную думку, што заварушылася ў прадбачлівым матчыным сэрцы.

Анна Міхайлаўна яшчэ больш зачырванелася і, шыбка накланіўшыся, з парывам палкай далікатнасьці абняла дзяўчынку; тая прыняла неспадзявана-гарачую ласку ўсё з тым-жа самым, хоць і крыху зьдзіўленым, паглядам.

VIII.

З гэтага дня паміж пасэсарскай хаткаю і сядзібаю Папельскіх завязаліся найбліжэйшыя ад-