Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Але. Ды мне не хацелася-б ісьці.

— Ідзі, ідзі! Я да цябе заўтра прыду. Цяпер цябе чакаюць і мяне таксама.

VII.

Дзяўчынка акуратна споўніла сваё абяцаньне і нават раней, чымся Пятрусь мог на гэта разьлічваць. У чародны-ж дзень, седзячы ў сваім пакоі за звычайнаю лекцыяй з Максімам, ён раптам падняў галаву, прыслухаўся і сказаў з ажыўленьнем:

— Адпусьці мяне на мінуту. Там прышла дзяўчынка.

— Якая яшчэ дзяўчынка? — зьдзівіўся Максім і пайшоў сьледам за хлопчыкам да выхадных дзьвярэй.

Сапраўды, ўчарашняя Пятрусёва знаёмая ў гэту самую мінуту ўвайшла ў браму сядзібы і, ўбачыўшы праходзіўшую па падворку Анну Міхайлаўну, вольна скіравалася проста да яе.

— Што табе, мілая дзяўчынка, трэба? — спыталася тая, думаючы, што яе прыслалі па справе.

Маленечкая жанчына паважна выцягнула да яе руку і спыталася:

— Гэта ў вас ёсьць сьляпы хлопчык?… Так?

— У мяне, мілая, але, у мяне, — адказала пані Папельская, любуючыся ея яснымі вачыма і свабодай яе абыходжаньня.

— Вось, ці бачыце… Мая мама адпусьціла мяне да яго. Ці магу я яго бачыць?

Але ў гэту мінуту Пятрусь сам падбег да яе, а на ганку паказалася Максімава фігура.

— Гэта ўчарашняя дзяўчынка, мама! Я вам казаў, — сказаў хлопчык, вітаючыся. — Толькі ў мяне цяпер лекцыя.

— Ну, на гэты раз дзядзька Максім адпусьціць цябе, — сказала Анна Міхайлаўна, — я ў яго папрашу.