Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І яна разумела, што гордая „пані“ сьціхамірваецца ў ёй перад канюхом-хлопам. Яна забывала яго грубую вопратку і пах дзёгцю, і праз ціхія пералівы песьні ўспамінаўся ёй дабрадушны твар, з мягкім выразам шэрых вачэй і саромліва-гумарыстычнаю ўсьмешкаю з-пад даўгіх вусоў. Часамі фарба гневу ізноў прылівала да твару і віскоў маладое жанчыны: яна пачувала, што ў барацьбе за ўвагу яе дзіцяці яна стала з гэтым мужыком на адну арэну, на роўнай назе, і ён, „хлоп“, перамог.

А дрэвы ў садзе шапталіся ў яе над галавою, ноч разгаралася агнямі ў сінім небе і разьлівалася па зямлі сіняю цемраю і, разам з тым, у душу маладое жанчыны ліўся гарачы сум ад Іохімавых песьняў. Яна ўсё болей сьціхамірвалася і ўсё болей вучылася цяміць няхітрую тайну беспасярэдняе і чыстае бясштучнае поэзіі.


IX.

Але, ў мужыка Іохіма праўдзівае пачуцьцё! А ў яе? Няўжо-ж у яе няма ані каплі гэтага пачуцьця? Ад чаго-ж гэтак горача ў грудзёх і гэтак трывожна стукаціць у ёй сэрца і сьлёзы мімаволі падходзяць да вачэй?

Хіба-ж гэта не пачуцьцё, не палючае пачуцьцё любасьці да яе абяздоленага сьляпога дзіцяці, якое ўцякае ад яе да Іохіма, і яму яна ня ўмее даць гэткае самае жывое насалоды?

Ёй успомніўся выраз болю, выкліканы яе ігрою на хлопчыкавым твары, і палючыя сьлёзы ліліся ў яе з вачэй, і часамі яна ледзь стрымлівала падступаўшыя да горла і гатовыя вырвацца спазмы.

Бедная маці! Сьлепата яе дзіцяці зрабілася і яе вечнаю невылячальнаю хваробаю. Яна сказалася і ў хваробна-павялічанай далікатнасьці, і ў гэтым, усю яе праглынуўшым, пачуцьці, зьвязаўшым