Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хахла-музыканта. З таго часу яго скрыпкі ня чулі болей у карчме і на вечарніцах. Ён павесіў яе на калочку ў стайні і не зьвяртаў увагі на тое, што ад вільгаці і яго нядбайнасьці на мілым раней інструманце так і ведай адна за аднэю рваліся струны. А яны рваліся з гэткім гучным і жаласным зьвіненьнем, што нават і коні спачувальна іржалі і дзівячыся пакручвалі галовы да раззлаванага Іохіма.

На месца скрыпкі Іохім купіў у вандроўнага карпацкага горца дзеравянную дудку. Ён, як відаць, думаў, што яе ціхія, браўшыя за сэрца, пералівы болей адказваюць яго горкаму лёсу, лепей выкажуць тугу яго адкіненага сэрца. Аднак-жа, горская дудка ашукала яго чаканьні. Ён перабраў іх каля дзесятка, прабаваў на ўсе лады, абрэзваў, мачыў у вадзе і сушыў на сонцы, вешаў на тонкай дратве пад страхою, каб яе абдула ветрам, але нішто не памагала: горская дудка ня слухала хахлацкага сэрца. Яна сьвістала там, дзе трэ’ было пяяць, пішчала тады, калі ён чакаў ад яе томнага дрыжаньня, і наагул ніяк не паддавалася яго настрою. Нарэшце ён зазлаваў на ўсіх бадзякаў-горцаў, пераканаўшыся аканчальна, што ніводзін з іх ня можа зрабіць добрае дудкі, і пасьля пастанавіў зрабіць яе сваімі рукамі. У працягу некалькіх дзён ён бадзяўся з нахмуранымі бровамі па палёх і балатох, падходзіў да кожнага кусьціка івы, перабіраў яе галінкі, зрэзваў некаторыя з іх, але, як відаць, усё не знаходзіў таго, што яму было патрэбна. Яго бровы былі паранейшаму панура стулены, і ён ішоў далей, усё шукаючы. Нарэшце ён трапіў на адно месца, над гультаявата цёкшаю рэчкаю. Вада ледзь-ледзь варушыла ў гэтым віры белыя галоўкі збаночкаў, вецер не далятаў сюды праз густа заросшыя івы, якія ціха й задумліва схіліліся да цёмнае, спакойнае глыбіні. Іохім, расхіліўшы кусты, падыйшоў