Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нак, на падворак, у сад. І кожны раз, як на твары ў сьляпога зьяўляўся трывожны выраз, маці тлумачыла яму зьдзіўляўшыя яго гукі.

— Ражок пастуха чуваць за лесам, — казала яна. — А гэта з-за шчабятаньня стады вераб’ёў чуваць голас малінаўкі. Бусел клякоча на сваім коле. Ён прыляцеў гэтымі днямі з далёкіх краёў і будуе гняздо на старым месцы.

І хлопчык павяртаў да яе свой твар, які сьвяціўся падзякаю, браў яе за руку і махаў галавою, слухаючы далей з сур’ёзнаю і асьведамленаю ўвагаю.

X.

Ён пачынаў распытваць пра ўсё, што прыцягвала яго ўвагу, і маці ці, яшчэ часьцей, дзядзька Максім расказвалі яму аб розных рэчах і істотах, выдаваўшых тыя ці іншыя гукі. Матчыны расказы, больш жывыя і ясныя, рабілі на хлопчыка большае ўражаньне, але часамі гэтае ўражаньне бывала вельмі балючае. Маладая жанчына, пакутуючы сама, з разжаленым тварам, з вачыма, пазіраўшымі з бясьсільнаю скаргаю і болем, старалася даць свайму дзіцяці разуменьне аб формах і колерах. Хлопчык напружваў увагу, стуляў бровы, на лобе ў яго зьяўляліся нават лёгкія зморшчкі. Як відаць, дзіцячая галоўка працавала над непасільнаю задачаю, цёмнае ўяўленьне бічкавалася, імкнучыся стварыць з пасрэдных даных новае прадстаўленьне, але з гэтага нічога ня выходзіла. Дзядзька Максім заўсёды нездаволена злаваў у гэткіх выпадках, і, калі на матчыных вачох зьяўляліся сьлёзы, а хлопчыкаў твар бялеў ад сконцэнтрованых натугаў, дык тады Максім умешваўся ў размову, адхіляў сястру ды пачынаў свае расказы, ў якіх, па магчымасьці, ўжываў толькі момэнты гукаў і прастораў. Твар у сьляпога рабіўся спакайнейшым.