Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/160

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нечнаму дню, — цяпер, у мінуту раптоўнага экстазу, усплылі ў мазгох, як праяўлены туманны нэгатыў?…

І перад сьляпымі вачыма паўстала сіняе неба і зыркае сонца, і празрыстая рака з узгорачкам, на якім ён перажыў гэтак шмат і гэтак часта плакаў яшчэ дзіцянём… І пасьля і млін, і зорныя ночы, у якія ён гэтак мучыўся, і маўклівы, сумны месяц… І пыльны шлях, і лінія шашы, і абозы з паблісквеўшымі шынамі колаў, і пярэсты натаўп, сярэд якога ён сам пяяў песьню сьляпых…

Або ў яго мазгох зараіліся фантастычнымі прыявамі невядомыя горы, і ляглі ўдаль невядомыя раўніны, і цудоўныя прыяўныя дрэвы гойдаліся над гладчынёй невядомых рэкаў, і празрыстае сонца залівала гэты абраз зыркім сьвятлом, — сонца, на якое пазіралі нязьлічэныя пакаленьні яго продкаў?

Або ўсё гэта раілася бясформеннымі адчуваньнямі ў тэй глыбіні цёмных мазгоў, аб якой казаў Максім, і дзе праменьні і гукі адкладаюцца аднолькава веселасьцю або сумам, радасьцю або тугою?..

І ён толькі ўспамінаў пасьля стройны акорд, празьвінеўшы на міг у яго душы, — акорд, у якім спляліся ў адно цэлае ўсе ўражаньні яго жыцьця, адчуваньні прыроды і жывая любоў.

Хто ведае?

Ён помніў толькі, як на яго спусьцілася гэтая тайна, і як яна яго пакінула. У гэтае апошняе мігненьне вобразы-гукі спляліся і зьмяшаліся, звонячы і хістаючыся, дрыжучы і сьціхаючы, як дрыжыць і сьціхае пруткая струна: спачатку вышэй і гучней, пасьля ўсё цішэй, ледзь чутна… здавалася, — штосьці скочваецца па гіганцкім радыюсе ў беспрасьветную цемру…

Вось яно скацілася і змоўкла.