Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

душанага беспрасьветнага суму. У цёмным салёне вечарамі рояль плакаў і надрываўся глыбокаю і балючаю тугою, і кожны яго гук адчуваўся болем у сэрцы Анны Міхайлаўны. Нарэшце, горшыя яе страхі збыліся: да юнака вярнуліся трывожныя сны яго дзяцінства.

Аднае раніцы Анна Міхайлаўна ўвайшла ў пакой сына. Ён яшчэ спаў, але яго сон быў неяк дзіўна трывожным: вочы крыху расплюшчыліся і цьмяна пазіралі з-пад трошкі паднятых павекаў, твар быў белы, і на ім відаць было выраз неспакою.

Маці супынілася, абводзячы сына ўважліва вачыма, стараючыся выкрыць прычыну дзіўнае трывогі. Але яна бачыла толькі, што гэтая трывога ўсё расьце ды расьце і на сонным твары азначаецца што раз то ясьней выраз напружанае натугі.

Раптам ёй здаўся над пасьцельлю нейкі ледзь улоўлены рух. Ясны прамень асьляпляльнага зімовага сонца, біўшы ў сьцяну над самай галавою, быццам рухнуўся і лёгенька сьлізгануў уніз. Яшчэ і яшчэ… сьветлая палоска ціха прапаўзала да расплюшчаных напалавіну вачэй, і разам з тым, як яна падходзіла бліжэй, неспакой спаўшага ўсё мацнеў.

Анна Міхайлаўна стаяла нярухома, у стане, блізкім да кашмару, і не магла адарваць спалоханых вачэй ад агністае палоскі, якая, як ёй здавалася, лёгка, але ўсё-ж такі прыкметнымі штуршкамі штораз бліжэй падсоўваецца да твару яе сына. І гэты твар усё больш і больш бялеў, выцягваўся, застываў у выразе цяжкае натугі. Вось жаўтаваты водбліск заіграў у валасох, засьвяціўся на лобе ў юнака. Маці ўся пахілілася ўперад, у інстынктыўным імкненьні абараніць яго, але ногі яе ня рухаліся, быццам у запраўдным кашмары. Тымчасам павекі у сьпячага зусім падняліся, у ня-