Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўсім выраз, але цяпер ён здаваўся вастрэйшым і… моцна напамінаў сьляпога званара.

За фортэпіянам, у мінуты найбольшае непасрэднасьці, у яго ігру часта ўплятаўся цяпер дробны перазвон званоў і працяжныя подыхі медзі на высокай званіцы… І тое, аб чым ніхто не адважваўся загаварыць, ясна ўставала ў усіх у ўяўленьні: цемнаватыя пераходы, тонкая фігура званара з сухотнай чырваньню, яго злыя вокрыкі і жаўцёвае маракаваньне на лёс… А затым абодва сьляпыя ў аднолькавых позах на вежы, з аднолькавым выразам твараў, з аднолькавымі рухамі чуткіх броваў… Тое, што блізкія да гэтага часу лічылі асабістай асаблівасьцю Пётры, цяпер зьяўлялася агульнаю пячаткаю цёмнае стыхіі, распасьціраўшай сваю таямнічую ўладу аднолькава на ўсіх сваіх ахвярах.

— Паслухай, Аня, — спытаўся Максім у сястры, вярнуўшыся дамоў. — Ці ня ведаеш ты, што здарылася падчас нашае паездкі? Я бачыў, што хлопчык зьмяніўся якраз з гэтага дня.

— Ах, гэта ўсё цераз сустрэчу з сьляпым, — адказала Анна Міхайлаўна, уздыхнуўшы.

Яна нядаўна яшчэ адаслала ў манастыр дзьве цёплыя баранія шубы і грошы з пісьмом да айца Памфілія, просячы яго палягчыць па магчымасьці лёс абодвух сьляпых. У яе, наагул, было добрае сэрца, але спачатку яна запомніла пра Рамана, і толькі Эвэліна напомніла ёй, што варта было паклапаціцца аб абодвух. „Ах, так, так, ведама-ж“ — адказала Анна Міхайлаўна, але было відаць, што яе думкі заняты адным. Да яе палючай літасьці дамешвалася часткаю забабоннае пачуцьцё: ёй здавалася, што гэтаю ахвяраю яна ўміласьцівіць нейкую цёмную сілу, ужо зьвісаўшую панурым ценем над галавою яе дзіцяці.

— З якім сьляпым? — перапытаўся Максім са зьдзіўленьнем.