Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шчакі і пачаў вадзіць па ёй пальцам. Дзіўна асьветлены і зьбялелы твар, гэтак падобны да твару яе сына, скрывіўся раптам выразам наіўнае і лакомае радасьці.

— Вось за гэта дзякуй. Сталбоўка запраўдная… Я думаў — вы насьмех… пасьмяяцца над сьляпенькім… Іншыя, бывае, сьмяюцца…

Увесь твар беднае жанчыны быў заліты сьлязьмі. Яна борзда выцерла іх і пайшла ўгару, дзе, быццам паданьне вады за сьцяною, чуліся гулкія шагі і зьмяшаныя галасы аперадзіўшай яе кампаньні.

На адным з паваротаў маладыя людзі супыніліся. Яны падняліся ўжо досіць высока, і ў вузкае вакно, разам з сьвяжэйшым паветрам, прайшла больш чыстая, хоць і расьсеяная струйка сьвятла. Пад ёю ў сьцяне, даволі гладкай у гэтым месцы, раіліся нейкія надпісы. Гэта былі па большай часьці імёны тых, хто сюды наведваўся.

Абменьваючыся вясёлымі ўвагамі, маладыя людзі знаходзілі прозьвішчы сваіх знаёмых.

— А вось і сэнтэнцыя, — заўважыў студэнт і прачытаў з некаторым трудом: „Мнози суть начинающи, кончающіи же въ малѣ“… — Як відаць, справа йдзе аб гэтым усходжаньні, — дадаў ён жартаўліва.

— Разумей, як хочаш, — груба адказаў званар, пахіляючыся да яго вухам, і яго бровы захадзілі быстра і трывожна. — Тут яшчэ верш ёсьць крыху ніжэй. Вось-бы табе прачытаць…

— Дзе верш? Няма ніякага вершу.

— Ты вось ведаеш, што няма, а я табе кажу, што ёсьць. Ад вас, несьляпых, таксама схована шмат што…

Ён спусьціўся на дзьве ступеньні ўніз і, памацаўшы рукою ў цемнаце, дзе ўжо губляліся апошнія слабыя водбліскі дзеннага променя, сказаў: