Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і зьбялелы, толькі на шчоках плямамі выдзялялася чырвань.

Вочы ў маладога паслушніка былі неяк дзіўна нярухомыя… Анна Міхайлаўна першая заўважыла выраз гэтага твару й вачэй і нэрвова схапіла за руку Эвэліну.

— Сьляпы, — прашаптала дзяўчына з лёгкім перапудам.

— Ціха, — адказала маці, — і яшчэ… Ты бачыш?

— Але…

Трудна было не заўважыць у твары паслушніка дзіўнае сходнасьці з Пётрай. Тая самая нэрвовая зьбялеласьць, тыя самыя чыстыя, але нярухомыя шчылінкі ў вачох, той самы неспакойны рух броваў, якія натарочваліся пры кожным новым гуку і бегалі над вачыма, быццам шчупалкі ў спалоханае казулькі… Яго рысы былі грубейшыя, уся фігура мешкавацейшая, — але тым выразьней выступала сходнасьць. Калі ён глуха закашляўся, схапіўшыся рукамі за ўпалыя грудзі, дык Анна Міхайлаўна глядзела на яго шырока расплюшчанымі вачыма, быццам перад ёю раптам зьявілася здань…

Сьціхнуўшы кашляць, ён адамкнуў дзьверы і, стаўшы на парозе спытаўся крыху надтрэснутым голасам:

— Дзяцей няма? Кыш праклятыя! — матнуўся ён у іх бок усім целам і пасьля, прапушчаючы ўперад маладых людзей, сказаў голасам, у якім чулася нейкая лісьлівасьць і лакомасьць:

— Званару ахвяруйце колькі-нібудзь?.. Ідзеце асьцярожна, — цёмна…

Усё таварыства пачало паднімацца па ступеньках. Анна Міхайлаўна, якая раней хісталася перад нязручным і крутым падыймом, цяпер з нейкаю пакорай пайшла за іншымі.