Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Новага Завету (1936).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ла гадоў дванаццацёх. Бацькі яе вельмі зьдзівіліся, але Іісус Хрыстос спакойна сказаў ім, каб далі ёй есьці. І загадаў ім не казаць нікому аб тым, што сталася.
Гэта было першае васкрашэньне памёршага чалавека. Чуткі аб гэтым нябывалым васкрашэньні хутка разыйшліся па ўсёй зямлі, і яшчэ больш пачало зьбірацца каля Яго народу пабачыць і паслухаць Вялікага Вучыцеля і Чудатворца.

28. Чудоўнае вылячэньне двох сьляпых. Васкрашэньне сына ўдавы з Наіну.

Мат. IX, 27—31; Лук. VII, 11—17.

Калі Іісус Хрыстос пайшоў з дому Яіра, за Ім ішлі два сьляпцы, якія — паўтараючы: «Памілуй нас, Іісусе, Сыне Давідаў!» — неадступна прасілі вярнуць ім зрок. Хочучы дазнацца аб сіле іх веры, Хрыстос доўга не зварочваў на іх ніякае ўвагі. Напасьледак, калі ўжо прыйшлі ў хату, дзе Ён жыў, пытаецца ў іх: „Ці веруеце ў тое, што Я магу гэта зрабіць?“ Яны адказалі: „Так, Госпадзі!“ Тады Ён дакрануўся да вачей іх і сказаў: „Па веры вашай хай будзе вам“. І адкрыліся вочы іх. І пайшлі яны славіць Госпада па усёй зямлі той.
Пасьля таго пайшоў Іісус Хрыстос у горад Наін. За Ім ішлі многія з вучняў Яго і шмат народу. Калі падыходзілі да гарадзкое брамы, насустрэчу выносілі памёршага, які быў адзіным сынам у маткі (яна была ўдава). За насілкамі ішло шмат народу з места. Няшчасная матка бязуцешна плакала. Пабачыўшы яе, Гасподзь зьмілаваўся над ёю і сказаў: „Ня плач!“ Пры гэтых словах Іісус Хрыстос падыйшоў да насілак, дакрануўся да іх і сказаў памёршаму: „Хлопча, табе кажу: устань!“ Памёршы, падняўшыся, сеў і пачаў гаварыць. Усе прысутныя славілі Бога і гаварылі: „Вялікі Прарок паўстаў між намі, і Бог адведаў народ Свой.“
І разыйшлося слова гэтае аб Ім ня толькі ў Галілеі, дзе было створана чуда, але і па ўсёй Юдэі.