Старонка:Дуброўскі.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Саша збянтэжыўся, зблытаўся. Кірыла Петровіч нахмурыўся і сказаў, патрасаючы галавой:

— Тут умяшалася Мар'я Кірылаўна. Прызнавайся ва ўсім, бо так адлупцую цябе дубцом, што будзеш ведаць.

— Дальбог, папенька, я папенька.. Мне Мар'я Кірылаўна нічога не гаварыла, папенька.

— Сцяпан, ідзі зрэж мне добры свежы бярозавы дубец...

— Чакайце, папенька, я ўсё вам раскажу. Я сёння бегаў па двары, а сястрыца Мар'я Кірылаўна адчыніла акно, і я падбег, і сястрыца незнарок упусціла з рук пярсцёнак, а я схаваў яго ў дупле, і.. гэты рыжы хлапец хацеў пярсцёнак украсці.

— Неназнарок упусціла, а ты хацеў схаваць... Сцяпан, ідзі па дубцы.

— Папенька, пачакайце я ўсё раскажу. Сястрыца Мар'я Кірылаўна сказала мне збегаць да дуба і пакласці пярсцёнак у дупло; і я збегаў і паклаў пярсцёнак, а гэты брыдкі хлапчук...

Кірыла Петровіч павярнуўся да брыдкага хлапчука ; запытаў яго грозна:

— Чый ты?

— Я дваровы чалавек паноў Дуброўскіх, — адказаў рыжы хлапчук.

Твар Кірылы Петровіча спахмурнеў.

— Ты, здаецца, мяне за свайго пана не прызнаеш? Добра, — адказаў ён. - А што ты рабіў у маім садзе?

— Маліну краў, — адказаў хлапчук з вялікай абыякавасцю.

— Ага, слугі пашлі па пану, які поп, такаяі парафія; а маліна хіба расце ў мяне на дубах?

Хлапчук нічога не адказаў.

— Папенька, скажыце яму аддаць пярсцёнак, — сказаў Саша.

— Маўчы, Александр, — адказаў Кірыла Петровіч, — не забывайся, што я збіраюся з табой расправіцца. Ідзі ў свой пакой. Ты, касавокі, ты мне здаешся хлопцам спрытным. Аддай пярсцёнак і ідзі дадому.

Хлапчук распрастаў кулак і паказаў, што ў яго руцэ нічога не было.

— Калі ты мне ва ўсім прызнаешся, то я цябе не буду сцябаць, дам яшчэ пяць капеек на арэхі. А не то я з табой зраблю тое, чаго ты не спадзяешся. Ну?