Старонка:Дуброўскі.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А табе што да таго? — адказаў хлапчук, стараючыся ад яго вызваліцца.

— Пакінь гэты пярсцёнак, рыжы заяц, — крычаў Саша-бо я распраўлюся з табой па-свойму.

Замест адказа той ударыў яго кулаком па твары, але Саша яго не выпусціў і закрычаў ва ўсё горла:

— Зладзеі, зладзеі! сюды, сюды!..

Хлапчук стараўся ад яго вырвацца. Ён быў, відаць на два гады старэйшы за Сашу і шмат за яго дужэйшы, але Саша быў больш вёрткі. Яны змагаліся некалькі хвілін, нарэшце рыжы хлапчук перамог. Ён пакаціў Сашу на зямлю. і схапіў яго за горла.

Але ў гэты час моцная рука ўчапілася ў яго рыжыя і пруткія валасы, і садоўнік Сцяпан падняў яго на поўаршына ад зямлі...

— Ах ты, рыжая шэльма, — гаварыў садоўнік, — як гэта ты асмеліўся біць малога пана...

Саша паспеў падняцца і агледзецца.

— Ты мяне хапіў пад бакі, - сказаў ён, — а то-б ніколі мяне не пакаціў. Аддай зараз пярсцёнак і ідзі.

— Дзіва што, — адказаў рыжы і, раптам перакруціўшыся на адным месцы, вызваліў свой віхор з Сцяпанавых пальцаў.

Тут ён кінуўся быў бегчы, але Саша дагнаў яго, пхнуў У спіну, і хлапчук упаў з усяго маху, садоўнік зноў яго схапіў і звязаў папружкай.

— Аддай пярсцёнак! — крычаў Саша.

— Чакай, - сказаў Сцяпан, — мы павядзем яго на расправу да прыказчыка.

Садоўнік павёў нявольніка на панскі двор, а Саша пайшоў следам, з трывогай паглядаючы на свае шаравары, разарваныя і запэцканыя зяленівам. Раптам усе ўтрох апынуліся перад Кірылам Петровічам, які ішоў аглядаць сваю стайню.

— Гэта што? - запытаў ён у Сцяпана.

Сцяпан у кароткіх словах расказаў аб здарэнні.

Кірыла Петровіч выслухаў яго з уважлівасцю.

— Ты, свавольнік, — сказаў ён, павярнуўшыся да Сашы, — за што ты з ім звязаўся?

— Ён украў у дупле пярсцёнак, папенька, загадайце аддаць пярсцёнак.

— Які пярсцёнак, з якога дупла?

— Мне Мар'я Кірылаўна... той пярсцёнак...