Старонка:Дуброўскі.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

шчасце для іспраўнікаў, — раз'езды, следствы, фурманкі, а грошы ў кішэню - нашто такога дабрадзея знішчаць? Ці не праўда-ж, пане іспраўнік?

— Шчырая праўда, ваша прэвасхадзіцельства, - адказаў зусім збянтэжаны іспраўнік.

Госці зарагаталі.

— Люблю малайца за шчырасць, - сказаў Кірыла Петровіч. - А шкада нябожчыка нашага іспраўніка Тараса Алексеевіча — каб не спалілі яго, то каля нас стала-б цішэй. А што чуваць пра Дуброўскага? Дзе яго бачылі апошні раз?

— У мяне Кірыла Петровіч, — прапішчаў тоўсты дамскі голас, - у аўторак абедаў у мяне...

Позіркі ўсіх накіраваліся на Анну Савішну Глобаву, даволі простую ўдаву, якую ўсе любілі за добрую і вясёлую натуру. Усе з цікаўнасцю нарыхтаваліся слухаць яе расказ.

— Трэба ведаць, што таму тры тыдні паслала я прыказчыка на пошту з грашыма для майго Ванюшы. Сына я не пешчу, ды і не маю на гэта дастатку, каб і хацела: аднак самі ведаеце: афіцэру гвардыі трэба ўтрымліваць сябе прыстойным чынам і я з Ванюшай дзялюся як магу сваімі, якія маю, прыбыткамі. Вось і паслала яму 2000 рублёў, хоць Дуброўскі не раз прыходзіў мне ў галаву, але думаю: горад блізка, усяго сем вёрст, бог можа ўратус. Гляджу: увечары мой прыказчык варочаецца бледны, абарваны і пешы — я аж ахнула — «Што такое? што з табой зрабілася?» Ён мне: «Родная Анна Савішна — разбойнікі аграбілі; самога ледзь не забілі — сам Дуброўскі быў тут, хацеў павесіць мяне, але злітаваўся і пусціў — затое ўсяго абабраў — адабраў і каня, калёсы». Я аслупянела; божа літасцівы, што будзе з маім Ванюшам? Нічога не зробіш, напісала сыну ліст, расказала ўсё і паслала яму сваё блаславенне без капейкі грошай.

Прайшоў тыдзень, другі — раптам уз'язджае на мой двор фаэтон. Нейкі генерал просіць са мной пабачыцца: калі ласка; уваходзіць да мяне чалавек год трыццаці пяці, смуглы чорнавалосы, у вусах, у барадзе, ну якраз партрэт Кульнёва[1], адрэкамендоўваецца мне як друг і таварыш па службе нябожчыка мужа Івана Андрэевіча; ён, значыцца, ехаў

  1. Кульнёў Я. П. - рускі генерал (1763— 1812), які атрымаў шэраг бліскучых перамог над шведамі ў час вайны 1808 — 1809 г. Забіты на вайне ў 1812 годзе.