Старонка:Дуброўскі.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сарвэтку ў пятліцу гарохавага кафтана, — вінават, бацюхна Кірыла Петровіч, я быў рана выбраўся ў дарогу, але не паспеў ад'ехаць і дзесяці вёрст, раптам шына на пярэднім коле папалам — што тут паробіш? На шчасце, недалёка было да вёскі; пакуль да яе давалакліся і знайшлі каваля, ды ўсё наладзілі сяк-так — прайшло якраз тры гадзіны, нічога не зробіш. Ехаць бліжэйшай дарогай праз Кісцянёўскі лес я не адважыўся, а даў круга...

— Эге! — перабіў Кірыла Петровіч,— ты, значыцца, адвагі не маеш, чаго ты баішся?

— Як чаго баюся, бацюхна Кірыла Петровіч? А Дуброўскага? — неспадзеўкі трапіш яму ў лапы; ён хлопец удалы, нікому не перапусціць, а з мяне, напэўна, і дзве скуры здзярэ.

— За што-ж, браце, такая ўвага да цябе?

— Як за што, бацюхна Кірыла Петровіч? А за суд нябожчыка Андрэя Гаўрылавіча. Ці-ж не я гэта на пацеху вашу, гэта значыцца сумленна і справядліва, паказаў, што Дуброўскія ўладаюць Кісцянёўкай, не маючы на тое ніякага права, толькі з ласкі вашай. Нябожчык (вечны яму спакой) абяцаў са мной па-свойску пераведацца, а сынок, напэўна, стрымае бацькава слова. Дагэтуль бог крыў. Усяго разграбілі ў мяне адзін свіран, а то могуць і да ўсёй сялібы дабрацца.

— А ў сялібе будзе ім дзе пагуляць, — заўважыў Кірыла Петровіч, - мусіць, чырвоная шкатулачка поўненькая...

— Адкуль, Кірыла Петровіч! Была поўная, а цяпер зусім апусцела!

— Кінь хлусіць, Антон Пафнуцьіч. Ведаем мы вас, куды ты можаш там грошы дзець! Дома сядзіш, як свіння, нікога не прымаеш, сваіх мужыкоў крыўдзіш, грошы збіраеш, і ўсё па ўсім.

— Вы ўсё маеце ласку жартаваць, бацюхна Кірыла Петровіч, — прамармытаў з усмешкай Антон Пафнуцьіч, а мы, дальбог, збяднелі, — і Антон Пафнуцьіч пачаў заядаць панскі жарт гаспадара сытым кавалкам кулебякі.

Кірыла Петровіч кінуў яго і звярнуўся да новага іспраўніка, які першы раз да яго ў госці прыехаў, і сядзеў на другім канцы стала, поплеч настаўніка.

— А што, зловіце хоць вы Дуброўскага, пане іспраўнік?

Ісраўнік спалохаўся, пакланіўся, усміхнуўся, заікнуўся і выгаварыў нарэшце:

— Пастараемся, ваша прэвасхадзіцельства.

— Гм, пастараемся. Даўно, даўно стараюцца, а карысці ніякай. Але праўда, нашто і лавіць яго. Дуброўскага разбоі