Старонка:Дуброўскі.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

адамкнуў дзверы, вышаў на ганак і з ліслівым паклонам пачаў дзякаваць Дуброўскага за яго ласкавае заступніцтва.

Владзімір слухаў яго з агідай і нічога не адказаў.

— Мы вырашылі, — гаварыў далей засядацель, — з вашага дазволу астацца тут начаваць; а то ўжо цёмна і вашы мужыкі могуць напасці на нас па дарозе. Зрабіце такую ласку: загадайце паслаць нам хоць сена ў гасцінай: ледзь на золак, мы паедзем сабе.

— Рабіце што хочаце, — адказаў ім суха Дуброўскі, — я тут ужо не гаспадар.

З гэтым словам ён пайшоў у пакой бацькі свайго і замкуў за сабой дзверы.

Глава VІ

«Значыцца, усё скончана, — сказаў ён сам сабt; — яшчэ зранку меў я куток і кавалак хлеба. Заўтра павінен я пакінуць дом, дзе я нарадзіўся, дзе памёр мой бацька, віноўніку яго смерці і майго жабрацтва». І вочы яго нерухома спыніліся на партрэце яго маці. Жывапісец намаляваў яе нахіленую над балясамі, у белым ранішнім адзенні з адной ружай у валасах. «І партрэт гэты астанецца ворагу мае сям'і, — падумаў Владзімір, - яго закінуць у клець, разам з паламанымі крэсламі, або павесяць у пярэдняй дзеля кпін і заўваг яго сабакароў, а ў яе спальні, у пакоі.. дзе памёр бацька, будзе жыць яго аконам, або будзе гарэм. Не, не! Няхай-жа і яму не астанецца сумны дом, з якога ён выганяе мяне!» Владзімір сціснуў зубы — страшцыя думкі народжваліся ў галаве яго. Галасы пад'ячых даходзілі да яго; яны гаспадарылі, патрабавалі то таго, то іншага і непрыемна трывожылі яго сярод сумных думак. Нарэшце ўсё сціхла.

Владзімір адамкнуў камоды і куфры, узяўся за разбор папераў нябожчыка. Гэта найбольш былі гаспадарчыя рахункі і перапіска наконт усялякіх спраў. Владзімір парваў іх, не чытаючы. Сярод іх трапіўся яму пакет з надпісам: «Лісты мае жонкі». З узнятым пачуццем Владзімір узяўся за іх: яны пісаны былі ў часе турэцкага паходу і былі адрасаваны ў армію з Кісцянёўкі. Яна апісвала яму сваё самотнае жыццё, гаспадарчыя клопаты, з пяшчотай наракала на разлуку і клікала яго дадому, у абдымкі ласкавай падругі. У адным з іх яна выказвала яму свой непакой наконт здароўя маленькага Владзіміра; у другім яна радавалася яго раннім здольнасцям і прадбачыла бліскучую і шчаслівую яго будучыню.