Старонка:Дружчыц Беларускія месты.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

жаве, дзе нямецкае муніцыпальнае права застала старажытныя славянскія парадкі, і дзе места і воласьць разам плацілі па­даткі, мелі свае ўрады і судовыя ўстановы і жылі супольным грамадзкім жыцьцём. Як на ўзор такіх мест Уладзімерскі-Буданаў пасылаецца на Полацак, Смаленск і Віцебск і іх організацыю ў ХV-ХVI ст. на аснове, галоўным чынам, устаўных земскіх грамат гэтых зямель[1]. Сувязь зямлі і места, якая была ў ХІV-ХV ст. ў Літоўскім княстве, існавала да самага моманту дараваньня майдэборскага права.

„Чым і калі парушаны гэтыя парадкі? Якім чынам жыхарства места, з аднаго боку, выдзелілася ад князёў-баяр і наогул ад тых, што склалі потым вышэйшы стан, а з другога—аддзялілася і ад валасных людзей? Якім чынам агулам земскія правы абярнуліся ў станавыя і з вялікага дабра сталі злом? Гэтыя пытаньні ўсяго ясьней вырашаюцца гісторыяй нямецкага права ў „Літоўска-рускай дзяржаве", бо яно пранікла сюды ўжо ў канчатковай форме мескага права і станавілася ў непасрэдную супярэчнасьць з спрадвечнымі славянскімі паглядамі, без усялякіх пераходных, зьмяраючых адценьняў, хаця, урэшце, грунт для яго посьпехаў часткаю быў падрыхтаваны непасрэдным уплывам польскіх шляхецкіх паняцьцяў і прыгоннага права"[2].

Супярэчнасьць вывадаў Уладзімерскага-Буданава выразна выяўлецца з самага яго сказу, бо якім чынам магчыма існаваньне адзінства насельніцтва, калі існуе прыгоннае права, што паказвае на існаваньне станаў і да ўвядзеньня ў местах майдэборскага права?

Пры разглядзе пытаньня аб тым, хто падлягаў майдэборскаму праву ў літоўска-беларускіх местах—Уладзімерскі-Буданаў узяў у васнову тэрытарыяльны прынцып.

Па яго думцы ўвядзеньне нямецкага майдэборскага права ў літоўска-беларускіх местах адарвала шляхецтва ад места. Шляхецтву цяпер няма патрэбы жыць у месьце. Жыцьцё ў месьце шляхецтву нявыгадна, бо яму прыходзіцца спатыкацца з чужым для яго ўрадам. Права (у Полацку) дазваляе баярам мець у месьце толькі двары на выпадак прыезду ў места, з вызначаным і вельмі абмежаваным лікам людзей. У іншым выпадку баярыну прыдзецца трапіць пад уладу мескага ўраду і суду і праз гэта перайсьці ў мяшчанскі стан. З гэтай прычыны зямляўласьнікі пераходзяць у вёскі, у свае маёнткі, дзе будуюць свае замкі. Гэта робяць нават ваяводы і іх намесьнікі. А прысутнасьць замку ў вёсцы выклікала далейшае разьвіцьцё прыгону і фольваркаў. Сяляне, якія пла-

  1. Ibidem, стар. 114.
  2. Ibidem, стар. 119.