Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ХXІI

У Кёльне я напаў на след Гагіных; я даведаўся, што яны пехалі ў Лондан, я пусціўся ўслед за імі; але ў Лондане ўсе мае пошукі засталіся дарэмнымі. Я доўга не хацеў прымірыцца, доўга ўпарціўся, але я павінен быў адмовіцца, нарэшце, ад надзеі знайсці іх.

І я не ўбачыў іх больш — я не ўбачыў Асі. Цёмныя чуткі даходзілі да мяне аб ім, але яна назаўсёды для мяне знікла. Я нават не ведаю, ці жыва яна. Аднойчы, праз некалькі год пасля, я мімаходзь убачыў за граніцай, у вагоне чыгункі, жанчыну, твар якой выразна напомніў мне незабыўныя рысы… але я, відавочна, быў ашуканы выпадковым падабенствам. Ася засталася ў маёй памяці той самай дзяўчынкай, якою я ведаў яе ў лепшую пару свайго жыцця, якой я яе бачыў у апошні раз, нахіленай на спінку нізкага драўлянага крэсла.

Між іншым, я павінен прызнацца, што я не надта доўга сумаваў па ёй: я нават рашыў, што лёс нядрэнна распарадзіўся, не злучыўшы мяне з Асяй; я ўцяшаўся думкай, што я, напэўна, не быў-бы шчаслівы з такой жонкай. Я быў тады малады — і будучае, гэта кароткае, хуткае будучае, здавалася мне бязмежным. Хіба не можа паўтарыцца тое, што было, думаў я, і яшчэ лепш, яшчэ прыгажэй?.. Я ведаў іншых жанчын — але пачуццё, абуджанае ва мне Асяй, тое пякучае, пяшчотнае, глыбокае пачуццё, ужо не паўтарылася. Не! ні адны вочы не замянілі мне тых, калісьці з любоўю накіраваных на мяне вачэй, ні на чыё сэрца, прыпаўшае да маіх грудзей, не адказвала маё сэрца такім радасным і салодкім заміраннем. Асуджаны на адзіноцтва бессямейнага бабыля, дажываю я нудныя гады; але я захоўваю, як святыню, яе запісачкі і высахшую кветку герані, тую самую кветку, якую яна некалі кінула мне з акна. Яна да гэтага часу крыху яшчэ пахне, а рука, што мне яе дала, тая рука, якую мне толькі раз давялося прыціснуць да губ сваіх, магчыма, даўно ўжо тлее ў магіле… І я сам — што сталася са мною? Што засталося ад мяне, ад тых шчаслівых і трывожных дзён, ад тых крылатых надзей і імкненняў? Так лёгкае выпарэнне нікчэмнай траўкі перажывае ўсе радасці і ўсе гаротнасці чалавека — перажывае самога чалавека.

1857 г.