Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

падбег да крыжа: белая фігура знікла. Я крыкнуў: «Ася!» Дзікі голас спалохаў мяне самога, — але ніхто не адазваўся. Я рашыў пайсці даведацца, ці не знайшоў яе Гагін.

ХX

Хутка ўзбіраючыся па сцежцы вінаградніка, я ўбачыў святло ў пакоі Асі… Гэта мяне крыху супакоіла.

Я падышоў да дома; дзверы ўнізе былі замкнуты; я пастукаў. Неасветленае акно ў ніжнім паверсе ціхенька адчынілася, і паказалася галава Гагіна.

— Знайшлі? — запытаўся я ў яго.

— Яна вярнулася, — адказаў ён мне шэптам: — яна ў сваім пакоі і распранаецца. Усё ў парадку.

— Дзякуй богу! — усклікнуў я з невыказным парывам радасці: — дзякуй богу! цяпер усё добра. Але вы ведасце, мы павінны яшчэ перагаварыць.

— Другім разам, — запярэчыў ён, ціха пацягнуўшы да сябе раму: — другім разам, а цяпер бывайце.

— Да заўтра, — прагаварыў я: — заўтра ўсё будзе вырашана.

— Бывайце, — паўтарыў Гагін. Акно зачынілася.

Я ледзь было не пастукаў у акно. Я хацеў тады-ж сказаць Гагіну, што я прашу рукі яго сястры. Але такое сватанне ў такі час… «Да заўтра, — падумаў я: — заўтра я буду шчаслівы…»

Заўтра я буду шчаслівы! У шчасця няма заўтрашняга дня, у яго няма і ўчарайшага; яно не памятае мінуўшага, не думае аб будучым; у яго ёсць сучаснае, — і то не дзень, а адзін міг.

Я не памятаю, як я дайшоў да З. Не ногі мяне неслі, не лодка мяне везла: мяне ўздымалі нейкія шырокія, дужыя крыллі. Я прайшоў міма куста, дзе спяваў салавей; я спыніўся і доўга слухаў: мне здавалася, што ён спяваў маё каханне і маё шчасце.

ХXI

Калі, на другі дзень раніцай, я стаў падыходзіць да знаёмага доміка, мяне здзівіла адна акалічнасць: усе вокны ў ім былі расчынены, і дзверы таксама былі адчынены; нейкія паперкі валяліся перад парогам; служанка з мятлой паказалася за дзвярыма.