Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мы ўвайшлі ў дом і селі адзін каля другога. Мы маўчалі. Нам вельмі непрыемна было абодвум. Мы ўвесь час аглядаліся, паглядвалі на дзверы, прыслухоўваліся. Нарэшце, Гагін устаў.

— Ды гэта-ж нікуды не варта! — усклікнуў ён: — у мяне сэрца не на месцы. Яна мяне заморыць, дапраўды… пойдзем шукаць яе.

Мы вышлі. На дварэ ўжо зусім сцямнела.

— Аб чым-жа вы з ёю гаварылі? — запытаўся ў мяне Гагін, насоўваючы капялюш на вочы.

— Я бачыўся з ёю ўсяго пяць хвілін, — адказваў я: — я гаварыў з ёю, як было дамоўлена.

— А ведаеце што? — сказаў ён: — лепш нам разыйсціся; так мы хутчэй на яе наткнуцца можам. — Ва ўсякім разе прыходзьце сюды праз гадзіну.

ХІХ

Я хутка спусціўся з вінаградніка і кінуўся ў горад. Шпарка абыйшоў усе вуліцы, зазірнуў усюды, нават у вокны Фрау Луізе, вярнуўся да Рэйна і пабег па беразе… Зрэдку трапляліся мне жаночыя фігуры; але Асі нідзе не было відаць. Ужо не смутак мяне грыз, — таемны страх мучыў мяне, і не адзін страх я адчуваў… не, я адчуваў раскаянне, шкадаванне самае пякучае, каханне — так: самае пяшчотнае каханне. Я ламаў рукі, я клікаў Асю сярод надыходзячай начной цемры, перш сцішка, затым усё мацней, і мацней, я паўтараў сто разоў, што я яе кахаю, я кляўся ніколі з ёй не расставацца; я аддаў-бы ўсё на свеце, каб зноў трымаць яе халодную руку, зноў чуць яе ціхі голас, зноў бачыць яе перад сабой… Яна была так блізка, яна прышла да мяне з усёй рашучасцю, у поўнай нявіннасці сэрца і пачуццяў, яна прынесла мне сваю некранутую маладосць… і я не прыціснуў яе да сваіх грудзей, я пазбавіў сябе шчасця ўбачыць, як яе мілы твар зацвіў-бы радасцю і цішынёй захаплення… Гэта думка мяне з розуму зводзіла.

«Куды магла яна пайсці, што яна з сабою зрабіла?» усклікаў я ў смутку бяссільнай роспачы. Штосьці белае прамільгнула раптам на самым беразе ракі. — Я ведаў гэта месца; там, над магілай чалавека, які ўтапіўся год семдзесят таму назад, стаяў да паловы ўросшы ў зямлю каменны крыж са старадаўнім надпісам. — Сэрца замерла маё… Я