Гэта старонка была вычытаная
Хто-ж той выраз перайначыў?
Я ня сьцямлю і пытаю
Ды пытаньнем азадачыў
Ўсіх, каго я тут ні бачыў,
Ўсіх, каго ні запытаю.
„Чапля! чапля!“ стой! — гукаю:
„Ты ня ведаеш, скажы ты,
Ці я сам страхі шукаю,
Сам іх вобразы ствараю,
Ці тым страхам ўсе спавіты?
— Ня пытайся: я ня знаю. —
Тры вароны ляцяць з гаю
Цяжка крыльлі іх мігаюць.
— Гэй, спыніся! справу маю —
Штось у вас я запытаю…
— Мы ня знаем! Не, ня знаю! —
Закрычалі і зьнікаюць.
Насустрэч старцы дыбаюць.
— Скуль вы, людзі? Хто такія?
Воч старцы ня падымаюць
Ўсе маўклівы, разважаюць.
— Мы — сьляпыя! Мы — глухія!
Цені сталы больш густыя,
Многалучны, нязьлічоны,
Многазначны, хоць пустыя,
Вельмі страшны, бо нямыя,
Пад пячацьцю ўсе замкнёны.