Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЦЕНІ-СТРАХІ

Вечар блізка, жар спадае.
З цёмных шчылін хтось нязнаны
Цені-страхі выклікае,
Штось ім шэпча, штось ківае,
Ды таемна, няўчытана.

Сьмех вясёлы зьбег няждана
З таго лесу і пагорку,
З тых лагчынак і кургану.
Смуткам поле чуць заткана,
Смутак ходзіць панадворку.

Пуцявінай праз разорку
Скача мышка палахліва
І шукае сваю норку
на мяжы каля аторку
І зьнікае дзесь маўкліва.

Я іду, гляджу — і дзіва:
Ці раней таго ня бачыў?
Ўсюды стала нейк тужліва
І трывожна-баязьліва!
Зьмену гэту я зазначыў.