Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/218

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ВОСЕНЬ У ГАЮ

Гай заціх, бы зачарован,
Шум і сьпеў яго пахован,
Гай смуткуе і маўчыць,

Бы душа ў часы зьмярканьня;
Толькі песьняй пахаваньня
Вецер нудна прашуміць,

А лісьцё паміж камлямі
Пажаўцелымі раямі
Заснуецца, задрыжыць

І на дол на памяртвелы
Так пакорна, так нясьмела
З ціхім шолахам ляціць…

Сумна ў гаю і маркотна,
Толькі лісьцечка гаротна
Штось журботнае гудзе.

З гэтай мовай ападаньня
Песьню хмурага зьмярканьня
Думка чуткая вядзе.

1916 г.