Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/217

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ГАЙ

Люба ўспомніць гай зялёны,
Сосан пышныя кароны,
Гурт прыўдалых іх камлёў,

Дзе так ціха, так прывольна,
Дзе і сам жывеш супольна
З жыцьцем хвояў і дубоў,

Што стаяць тут з даўніх часаў
І на хвоі зораць ласа,
бы на красачак-дзяўчат.

Я хадзіў адзін, маўклівы,
Ды вясёлы, ды шчасьлівы,
Думкі думаліся ў лад.

Эх, ты, гай! Ня раз, бывала,
Тут душа адпачывала,
Сэрца цешылася… чым?

Толькі-ж хто пра гэта знае?
Ты да я, да маладая…
Хто? — пра тое памаўчым!

1916 г.