Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўдавець... Вось, напрыкад, у Зьліве, пад Глыбокім, колькі год таму назад жыў адзін лясьнік з няпрыгожым такім прозьвішчам — Піньдзюр. Застрэлілі яго браканьеры, і асталася па ім ўдава з двума дзецьмі. Праз год яна вышла замуж зноў за лясьніка, Пэпіка Шадловіца з Мылавар, ну, і таго зноў застрэлілі... Вышла ў трэці раз, зноў за лясьніка, і кажа: „бог тройцу любіць. Калі ўжо й цяпер не пашанцуе, — нямаведама, што й рабіць“. Вядома, што й гэтага застрэлілі, і асталося ў яе ад трох лясьнікоў усяго на ўсім — шасьцёра дзяцей. Пашла яна ў баронскую канцылярыю ў Глубокае і скардзілася там, якую з гэтымі лясьнікамі мела яна пакуту. Тады ёй параілі пайсьці за Ярэша, што вартаваў стаў, ад Ражыцкай гаці. Ну, што вы скажаце на гэта, — утапілі і яго, як лавілі рыбу. І ад яго яна замела двое дзяцей. Потым яна вышла замуж за канавала з Ваднян, і той яе неяк раз уначы выцяў сякерай ды пашоў самахоць заявіць пра забойства. Калі яго потым пры акруговым судзе ў Піску вешалі, ён адкусіў папу нос і заявіў, што ён наогул ні аб чым не жалкуе, ды яшчэ нагаварыў многа брыдкіх рэчаў пра гаспадара імпэратара.

— А ня ведаеце, што ён пра яго сказаў? — голасам, поўным надзеі, запытаўся Брэтшнэйдэр.

— Гэтага я вам сказаць не магу, гэтага яшча ніхто не адважыўся пераказаць. Але было гэта, кажуць, такое жахлівае, што судзьдзя, які быў прысутны пры гэтым, з глуду зьехаў і яго яшчэ і дагэтуль трымаюць пад замком, каб ня вышла гэта на людзі. Гэта ня была простая абраза гаспадара імпэратара, якія робяць пад чаркаю.

— А якія абразы гаспадару імпэратару робяць пад чаркаю? — запытаў Брэтшнэйдэр.

— Прашу вас, панове, накіруйце гутарку на іншае, — утыкнуўся шынкар Палівец. — Я, ведаеце, гэтага ня люблю. Навярзуць лухты, а пасьля чалавеку няпрыемнасьці.

— Якія абразы гаспадару імпэратару робяць пад чаркаю? — перапытаў Швэйк. — Розныя. Надзюбайцеся добра, прымусьце зайграць аўстрыйскі гімн, — пабачыце, што пачніцё гаварыць. Нагаворыце пра гаспадара імпэратара столькі, што каб палавіна таго была праўда, хапіла-б яму сораму на цэлае жыцьцё.