Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А ён, стары, па-праўдзе казаць, гэтага не заслужыў. Вазьміце на ўвагу: сына Рудольфа ён страпіў у самых гадох, поўнага сіл, жонку Лісавету ў яго пратнулі падпілкам, брата Яна Орта, мэксыканскага імпэратара, застрэлілі ў нейкай крэпасьці пад сьцяной. Цяпер зноў, на старых гадох, падстрэлілі ў яго дзядзьку. І па гэтым па ўсім успомніць пра яго які-небудзь п‘яны байбус і зачне яго лаяць. Калі цяпер што-якое выбухне, — пайду дабраахвотнікам і буду служыць гаспадару імпэратару да астатняе кроплі крыві!

Швэйк адсярбнуў піва і казаў далей:

— Вы думаеце, што гаспадар імпэратар усё гэта занядбае? Кепска вы яго знаеце. Вайна з туркамі канечна мае быць. „Забілі майго дзядзьку, дык вось вам у пысу!“. Вайна нямінуча. Сэрбія і Расія нам памогуць. Будзе звадка!

Швэйк у гэты момант свайго вешчаваньня быў страшэнна прыгожы. Яго дабрадушны твар ад натхненьня зьяў, як месяц у поўнае. Усё было яму гэтак ясна.

— Можа, — рысаваў ён далей будучыню Аўстрыі, — на нас, у выпадку вайны з Турэччынай, нападуць немцы. Яны-ж з туркамі ў хэўры. Гэта такія паганцы, якіх у сьвеце няма. Але мы можам злучыццца з Францыяй, якая ад семдзесят першага году ладзіцца накласьці Нямеччыне, і ўсё будзе ў найлепшым парадку. Карацей сказаць, — вайна будзе.

Брэтшнэйдэр устаў і ўрачыста агаласіў:

— Вы ўсё сказалі? Хадзем са мной у сенцы на пару слоў.

Швэйк вышаў за агентам сакрэтнай паліцыі ў сенцы, дзе натрапіў на невялічкую неспадзеўку: яго гаворкі кампаньнік паказаў яму арла[1] і заявіў, што ён яго арыштуе і зараз-жа адправіць у паліцыю. Швэйк спрабаваў растлумачыць, што, як відаць, пан мыляецца, бо ён зусім нявінаваты, што ён ня вымавіў ніводнага слова, якое магло-б каго-небудзь абразіць.

На гэта Брэтшнэйдэр заявіў, што Шнэйк зрабіў некалькі злачынных учынкаў, сярод якіх фігуравала і дзяржаўная здрада.

Потым зноў вярнуліся ў шынок, і Швэйк сказаў Паліўцу.

  1. Значок агентаў сакрэтнай паліцыі.