Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

навыварат, і былі ўзбураны і захоплены відавошчам, якое адбывалася перад алтаром. Рыжы міністрант, дэзэртыр з духоўных, спэцыяліст у дробным зладзействе ў 28-м палку, як мага завіхаўся над выкананьнем на памяць усяго ходу і тэксту сьвятое імшы. Ён быў фэльдкурату адначасна і за міністранта і за суфлёра, што аднак не перашкаджала таму з нязвычайным спрытам пераскокваць цераз цэлыя сказы. Выпадкова натрапіўшы ў трэбніку на каляднае набажэнства, фэльдкурат пачаў пець яго на вялікае здаволеньне публікі. Ён ня меў ні голасу, ні сьмеху і пад скляпеньнем царквы разьлягаўся скогат і рык, як у пушніку.

— Ну, і надзюбаўся сёньня, няма чаго казаць, з поўным здавальненьнем загаманілі пад алтаром. — Добра яго разабрала. Мабыць, зноў недзе да дзевак хадзіў.

Ужо ўтрэцяе няслося ад алтара фэльдкуратава пяяньне „Ita missa est“, падобнае да ваяўнічага крыку індзейцаў, аж вокны дрыжэлі. Потым фэльдкурат зазірнуў яшчэ раз у чашу, ці не засталася там яшчэ хоць кропля віна, нездаволена пакрывіўся і зьвярнуўся да слухачоў:

— Цяпер можаце ісьці дамоў, абармоты. Канец. Я бачу, у вас няма тае праўдзівае пабожнасьці, якую-б належала мець у царкве перад сьвятым алтаром. Паскуднікі! Перад тварам найвышэйшага вы не саромяецеся гучна сьмяяцца і кашляць, шоргаць нагамі... Нават перада мной, які ёсьць тут намесьнік дзевы Марыі, Ісуса хрыста і бога айца, сукіны дзеці. Калі гэтак будзе і надалей, дык я з вамі распарадкуюся як мае быць, каб вы ведалі, што існуе ня толькі пекла, аб якім я вам надовечы гаварыў, але і пекла на зямлі. Можа ад першага вы і выратуецеся, дык-жа другога вам у мяне ня мінуць... Кру-гом! Марш!

Фэльдкурат, які гэтак добра і сваячасова праводзіў у жыцьцё стары, закарэлы звычай наведваньня вязьняў, прайшоў у рызьніцу, перапрануўся, загадаў наліць сабе з вялізнай аплеценай бутлі царкоўнага віна і з дапамогаю рыжага міністранта ўсьсеў на свайго верхавога каня, які быў навязаны на двары. Але тут ён уздумаў на Швэйка, зьлез з каня і пашоў у канцылярыю да сьледчага Бэрніса.