Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вайсковы сьледчы Бэрніс быў перад усім чалавек кампанства, цудоўны танцор і распусьнік, які надзвычайна нудзіўся на службе і пісаў нямецкія вершы ў альбом, каб мець заўсёды запас напагатове. Ён быў найважнейшым зьвяном усяго апарату вайсковага суду, бо на руках у яго было такое мноства пратаколаў і пераблытаных актаў, што ён надаваў пачцівага жаху ўсяму вайскова-політычнаму суду на Градчанах. Ён скрозь губляў абвінаваўчы матэрыял, што вымушала яго выдумляць новы, блытаў іменьні, губляў ніткі абвінавачваньня і сукаў новыя, як яму толькі ў галаву лезла, судзіў дэзэртыраў за зладзейства, а зладзеяў — за дэзэртырства, закручваў і політычныя процэсы, хапаў матэрыял проста з паветра, вычвараў розныя фокусы покусы, каб злавіць абвінавачаных на тых злачынствах, якіх тыя ніколі і ня сьнілі, выдумляў абразы „вялікасьці“ і выдуманыя ім самым выразы інкрымінаваў абвінавачаным, апэляцыі і паказаньні якіх губляліся ў заўсёдашнім роіле актаў і копій.

— Здароў! — сказаў фэльдкурат, падаючы яму руку. — Як справы?

— Ня надта, — адказаў вайсковы сьледчы Бэрніс. — Падкідаюць мне матэрыялы, а ў іх сам чорт нічога не разьбярэ. Учора я паслаў у суд ужо апрацаваны матэрыял аб адным малойчыку наконт мяцяжа, а мне яго вярнулі назад, бо справа ішла не аб мецяжы, а аб крадзежы кансэрваў. Ды яшчэ паставілі ня той нумар. Як яны і да гэтага даўміліся, бог сьвяты ведае.

Вайсковы сьледчы плюнуў.

— У карты гуляць ходзіш? — запытаў фэльдкурат.

— Прайграўся я ў карты. Апошні раз гулялі мы з палкоўнікам, з тым пляшывым, у макао, дык я яму ўсё прапёр. За тое маю наўвеце адну дзяўчынку... А ты што парабляеш, сьвяты айцец?

— Мне патрэбен дзяншчык, — сказаў фэльдкурат. — Апошні дзяншчык быў у мяне стары з запасных, праўда, што без вышэйшае адукацыі, але ідыёт найвышэйшае маркі. Маліўся вечна ды хліпаў, каб бог бараніў яго ад бяды і насланьня, ну, я яго і паслаў з маршавым батальёнам на фронт. Кажуць, гэты батальён расшкуматалі ўшчэнт. Потым мне паслалі