Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дазвольце далажыць, пане фэльдкурат, што належу і не належу да дзевяцьдзесят першага палка, — наогул ня ведаю, што са мною, уласна, дзеецца.

— А за што вы тут сядзіце? — запытаў фэльдкурат, бесьперастаньня ікаючы.

З баталённае царквы даносіліся гукі фісгармоніі, што замяняла орган. Музыка, настаўнік, пасоджаны за дэзэртырства, выліваў свах душу ў самых журботных царкоўных мэлёдыях. Гукі гэтыя спалучаліся з фэльдкуратавай ікаўкай у нейкай невядомай дагэтуль дорыйскай гаме.

— Дазвольце далажыць, пане фэльдкурат, што я фактычна ня ведаю, за вошта я тут сяджу, але я не наракаю. Мне проста не шанцуе. Я ўсё стараюся як найлепей, а ў мяне ўсё выходзіць ражном, усёроўна як у таго вунь мучальніка на іконе.

Фэльдкурат паглядзеў на ікону, усьміхнуўся і сказаў:

— Вы мне, далі бог падабаецеся! Прыдзецца распытаць пра вас у сьледчага. Ну, а больш займацца з вамі ня буду. Каб як хутчэй адбалабаніць гэтую сьвятую імшу... Кру-гом! Марш!

Вярнуўшыся да свае каманды бясштоньнікаў пад катэдру, Швэйк на распытваньні, чаго фэльдкурат у рызьніцы ад яго хацеў, адказаў каротка і суха:

— П‘яны, як зямля.

Наступны нумар програмы — сьвятую імшу — публіка сустрэла з несхаванай сымпатыяй і напруджанай увагай. Адзін арыштант біўся аб заклад на ўсю сваю маемасьць, што фэльдкурат упусьціць дарахранільніцу. Ён паставіў увесь свой паёк хлеба супроць дзьвюх аплявух — і выйграў.

Нельга сказаць, каб тое пачуцьцё, якое поўніла ўсіхныя душы пад час адправы фэльдкуратам імшы, было містыцызмам веруючых ці пабожнасьцю заўзятых католікаў. Гэта было больш падобна да пачуцьця, якое бывае ў тэатры, калі мы ня ведаем зьместу п‘есы, дзея разьвіваецца і мы з напружанай увагай чакаем разьвязкі. Усе былі захопленыя прыстаўленьнем, якое даваў фэльдкурат каля алтара. Яны з эстэтычнаю асалодай глядзелі на рызу, напранутую фэльдкуратам