Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

разам, мяняць казённую бялізну ды жраць пры ўзьнясеньні сьвятых дароў.

Фэльдкурат сышоў з катэдры і прайшоў у рызьніцу, куды сьледам за ім падаўся і нагляднік. Праз хвіліну нагляднік вышаў, падышоў проста да Швэйка, выцягнуў яго з натоўпу дваццацёх споднікаў і павёў у рызьніцу.

Фэльдкурат сядзеў, раскапусьціўшыся, на стале і круціў сабе цыгарку. Як увайшоў Швэйк, фэльдкурат сказаў:

— Ну, вось і вы. Я тут памеркаваў, і, здаецца мне, што раскусіў вас. Разумееце? Гэта першы выпадак, каб у мяне ў царкве хто разроўся.

Ён саскочыў са стала і, трасянуўшы Швэйка за плячо крыкнуў:

— Прызнайся, падлюга, што румзаў ты так, дзеля сьмеху.

Франц Сальскі[1] з цьмянае іконы дапытліва глядзеў на Швэйка. А з другога боку на Швэйка, глядзеў нейкі мучальнік. У яго ў азадку былі зубы ад пілы, якою яго пілавалі рымскія салдаты. На твары ў мучальніка ня відаць было ані пакуты, ані здаволеньня, ані мучальніцкага азарэньня. Ён глядзёў зьдзіўлена, нібы кажучы: „Якім чынам я, уласна, тут апынуўся, і што вы, панове, са мною робіце?“

— Так точна, пане фэльдкурат, — сказаў Швэйк, — становячы ўсё на-кон, — каюся наймацнейшаму богу і вам, шаноўны айцец, як намесьніку яго, што я румзаў сапраўды адно дзеля сьмеху. Я бачыў, што вашаму казаньню бракуе толькі каяньня грэшніка, якога вы марна заклікалі ў сваім казаньні, і я хацеў даць вам гэтую ўцеху, каб вы не падумалі, што ня знойдзеце тут ніводнага далікатнага чалавека. А сабе я хацеў разагнаць троху нуду.

Фэльдкурат дапытліва паглядзеў на прастадушны Швэйкаў твар. Сонечны прамень зайграў на пахмурай іконе Франца Сальскага і ацяпліў зьдзіўленага мучальніка на процілеглай сьцяне.

— Вы мне гатовы ўпадабацца, — сказаў фэльдкурат, зноў садзячыся на стол. — Якога палка?.. — Ён ікнуў.

  1. Каталіцкі сьвяты.