Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Клізму і асьпірын.

— Кацятка!

— Тут.

— Прамываньне шлунку і хініну.

І гэтак усіх аднаго за адным, бязьлітасна, мэханічна.

— Швэйк!

— Тут.

Доктар Грунштэйн зірнуў на сьвежы, нанова дастаўлены матэрыял.

— На што хворыя?

— Дазвольце далажыць, у мяне раматус.

У доктара Грунштэйна было ў звычаі гутарыць з хворымі з тонкай гіроніяй. Гэта рабіла ўплыў куды мацнейшы, чымся крык.

— Ага, раматус... — працягнуў гіронічна доктар. — Гэта сапраўды цяжкая хвароба. Гэта ж трэба было так здарыцца — захварэць на раматус акурат пад час вайны, акурат тады, як чалавеку трэба ісьці на фронт. Я думаю, што гэта вам дужа няпрыемна?

— Дазвольце далажыць, пане старэйшы доктар, дужа няпрыемна.

— А-а, вось як, няпрыемна? Як гэта добра, што вы надумалі зьвярнуцца да нас з вашым раматусам акурат цяпер. У мірны час скача, небарака, як казёл, а як выбухне вайна, ураз у яго зьяўляецца раматус, і ўраз у яго калены адмаўляюцца служыць. Ці не баляць у вас калены?

— Дазвольце далажыць, баляць.

— Праз цэлую ноч ня можаце заснуць? Ці праўда-ж раматус дужа небясьпечная і цяжкая хвароба. У нас на гэты выпадак вялікая практыка: суровая дыета і іншыя спосабы лячэньня даюць дужа добрыя вынікі. Паздаравееце ў нас хутчэй, ніж у Пішчанах[1] і так замаршуеце на фронце, што толькі пыл будзе курыць.

Зьвярнуўшыся да фэльчара, старэйшы доктар сказаў:

— Пішыце: „Швэйк, суровая дыета, два разы на дзень

  1. Курорт.