Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

поўху ад палкоўніка. Як паехала камісія, палкоўнік выстраіў увесь полк і заявіў, што салдат мусіць быць перад усім салдатам, мусіць трымаць язык за зубамі і служыць, а калі гэта каму не падабаецца, дык гэта парушэньне дысцыпліны. „А вы, сукіны дзеці, думалі, што гэта камісія вам паможа? — сказаў палкоўнік. — Трасцу яна вам паможа. Ну, а цяпер хай кожная рота прамаршуе перада мной і хай гучна перакажа тое, што я сказаў“. І вось мы рота за ротай ішлі, раўненьне направа, у бок, дзе стаяў палкоўнік, і раўлі перад ім: „Мы, сукіны дзеці, думалі, што нам камісія паможа. Трасцу яна нам памагла!“ Пан палкоўнік рагатаў аж разьдзіраўся. Да самага таго моманту, пакуль ня прышла чарга адзінаццатае роты. Адзінаццатая рота маршуе, выбівае крок, а як падышла да палкоўніка — ані голасу. Маўчыць дый годзе. Палкоўнік пачырванеў, як параны рак, і вярнуў адзінаццатую роту, каб яшчэ раз пераказала. Адзінаццатая ідзе, раўненьне направа, „есьць вачмі начальства“... і маўчыць. „Вольна!“ — камандуе палкоўнік, сам кідаецца па двары, са злосьці лупіць сябе бізуном па боце, плюецца, ды раптам як зараве: „Кругом — марш!“ Сеў на сваю шаўлюгу ды з варот вон. Чакалі мы, што там з адзінаццатай ротай будзе. Аж нічога ня было. Чакалі дзень, другі, тыдзень — нічога. Палкоўнік у кашары зусім не паказваўся. Вальней уздыхнулі і салдаты і унтэры і нават афіцэры, Потым прыслалі нам новага палкоўніка. Пра старога дзейкалі, нібы ён недзе ў санаторыі для душэўна-хворых і нібы ён уласнай рукою напісаў ліст гаспадару імпэратару пра тое, што адзінаццатая рота узбунтавалася.

Надыходзіў час паабеднага абходу. Вайсковы доктар Грунштэйн хадзіў ад ложка да ложка, а за ім — фэльчар а кнігай.

— Марцуна!

— Тут.

— Клізму і асьпірын.

— Пакорны!

— Тут.

— Прамываньне шлунку і хініну.

— Каваржык!

— Тут.