Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Заўтра-ж паеду ў полк, заявіў — яго сусед з левага боку, якому толькі зрабілі клізму. Гэты хворы сымуляваў, што ён глухі, як цецярук.

На ложку ля дзьвярэй паміраў сухотнік, загарнуты ў мокрае прасьцірадла.

— Гэта ўжо трэці за гэты тыдзень, — зазначыў сусед з правага боку.

— А ў цябе што баліць? — запыталі Швэйка.

— У мяне раматус — адказаў Швэйк.

Навокал разьлёгся шалёны рогат. Сьмяяўся і сухотнік, які, паміраючы, „сымуляваў“ тубэркулёз.

— З раматусам сюды лепш і ня лезьці, — сур‘ёзна перасьцярог Швэйка тоўсты пан. — На раматус тут глядзяць таксама, як на мазалі. У мяне малакроўнасьць, не стае палавіны шлунка і пяцёх рабёр і ніхто гэтаму не дае веры. А нядаўна быў тут адзін глуханямы. Чатырнаццаць дзён загортвалі яго кожныя паўгадзіны ў мокрае прасьцірадла. Штодня яму рабілі клізму і пампавалі жывот. Нават усе санітары думалі, што ў яго справа пэўная, што яго пусьцяць дамоў, а доктар узяў ды прыпісаў яму рвотнае. Гэта штука перакруціла-б яго навыварат — і тут ён здаўся. „Не магу, — кажа, — больш прыкідвацца глуханямым. Вярнулася да мяне і мова і слых“. Усе хворыя яго ўгаварвалі, каб ён ня губіў сябе, а ён упёрся на сваё, што ўсё чуе і гаворыць як і хто іншы. Так і адрапартаваў аб гэтым ураньні пры абходзе.

— Трымаўся доўга, — зазначыў адзін хворы, які сымуляваў, што ў яго адна нага карацейшая за другую аж на дзесяць сантымэтраў. — Не раўня таму з палярушам. Таму досыць было трох парашкоў хініны, аднае клізмы і не паесьці дзень. Прызнаўся яшчэ нават да пампаваньня шлунку. Увесь паляруш дзе дзеўся.

— Даўжэй за ўсіх трымаўся пакусаны шалёным сабакам. Кусаўся, выў, сапраўды вырабляў усё гэта як найлепей, але ніяк яму не ўдавалася выгнаць пену на вуснах. Памагалі мы яму, як толькі маглі, але што мы яго ні ласкаталі перад абходам, — траплялася, даводзілі яго да сударгі, аж пасінее, — пены каля роту ўсёроўна ня было: няма дый годзе. Гэта быў