Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А маршалак Радэцкі задумечна глядзеў са свайго помніку ўсьлед добраму ваяку Швэйку, які аддаляўся, калыхаючыся на сваіх кастылёх з пучком красак на пінжаку.

Нейкі станавіты пан тлумачыў народу, які абкружаў яго што вядуць дэзэртыра...


РАЗЬДЗЕЛ VІII

ШВЭЙК — СЫМУЛЯНТ

У гэту вялікую эпоху вайсковыя дактары пяліся як мага, каб выгнаць з сымулянтаў нячысты дух саботажу і вярнуць іх ва ўлоньне арміі. Была ўстаноўлена цэлая чарада выпрабаваньняў для сымулянтаў і для праўдзівых хворых, якіх падазравалі, што яны сымулююць. Катаваньні, на якія аддавалі сымулянтаў, а таксама і хворых на сухоты, раматус, грыжу, запаленьне нырак, тыфус, цукровую хваробу, запаленьне лёгкіх ды інш., былі сыстэматызаваны так:

1. Суровая дыэта: ураньні і ўвечары па шклянцы чаю на працягу трох дзён, звыш таго ўсім, бяз розьніцы, на што скардзяцца, асьпірын, каб выпацець.

2. Хініна ў парашку конскімі дозамі, каб ня думалі, што вайсковая служба — мёд. Сымулянты звалі гэта: „лізнуць хініны“.

3. Прамываньне шлунку літрам цёплае вады два разы ў дзень.

4. Клізма з мыльнай вады і гліцэрыну.

5. Загортваньне ў мокрае халоднае прасьцірадла.

Былі героі, якія сьцерпелі ўсе пяць ступеняй катаваньня. Пасьля іх зьвезьлі ў простай дамавіне на могілкі. Але трапляліся і менш адважныя, якія, абы толькі справа дайшла да клізмы, заяўлялі, што яны ўжо паздаравелі і нічога больш не жадаюць, як падацца з першым маршавым батальёнам у акопы.

Швэйка пасадзілі ў больнічны барак пры гарнізоннай турме акурат паміж такіх палахлівых сымулянтаў.

— Больш ня вытрымаю, — сказаў яго сусед па ложку, якога толькі прывялі з амбуляторыі, дзе яму ўжо ў другое прамывалі шлунак. Чалавек гэты сымуляваў, што ён не дабачыць.