Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адкараскацца ад вайсковае службы — ад фронту, куль і шрапнэляй. Вядомы выраз яго быў: „Увесь чэскі народ — зграя сымулянтаў“. За дзесяць тыдняў свае чыннасьці ён з адзінаццаці тысяч грамадзян дзесяць тысяч дзевяцьсот дзевяцьдзесят дзевяць вызнаў за сымулянтаў ды злавіў-бы на вуду і адзінаўццацітысячнага, каб той не скапуціўся акурат у той момант, як доктар зароў на яго „Павярніцеся!“

— Выкіньце гэтага сымулянта, — казаў Баутцэ, пераканаўшыся, што той памёр.

І вось перад гэтым панам у той векапомны дзень стаў Швэйк, як і ўсе іншыя, зусім голы, сарамліва затуляючы сваю нагату кастылямі, на якія абапіраўся.

— Гэта сапраўды неабычайны фігавы лісток, — сказаў Баутцэ, — такіх фігавых лісткоў у раі ня было.

— Зволен з прычыны ідыётызму, — агаласіў фэльдфэбэль, паглядзеўшы ягоныя паперы.

— А яшчэ якія маеце заганы? — запытаў Баутцэ.

— Дазвольце далажыць, у мяне раматус. Але служыць буду гаспадару імпэратару да астатняе кроплі крыві, — сьціпла праказаў Швэйк. — Апрача таго ў мяне апухлі калены.

Баутцэ ўпяўся ў Швэйка поглядам, які наганяў жах, і зароў:

— Вы сымулянт! — І, зварачаючыся да фэльдфэбэля з ледзяной спакойнасьцю сказаў: — Зараз-жа арыштаваць гэтага тыпуса.

Два салдаты са стрэльбамі павялі Швэйка ў гарнізонную турму. Швэйк ішоў на кастылёх і з жахам адчуваў, што раматус у яго мінаецца. Калі пані Мюлер, што чакала яго з каламажкай ля мосту, убачыла яго між двух штыхоў, яна заплакала і ціха адышла ад каламажкі, каб ніколі ўжо да яе не варочацца...

А ўдалы ваяка Швэйк сьціпла ішоў пад канвоем двух узброеных абаронцаў дзяржавы. Штыхі бліскалі на сонцы, і на Малой Стране, пад помнікам Радэцкага. Швэйк крыкнуў у натоўп, які праводзіў яго:

— Уперад, на Белград!