Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дзякую вам, панове, — адказаў Швэйк, — мне гэтага таксама зусім досыць.

Як пашоў Швэйк, калегія трох прышла да аднаго адзінага выніку, што Швэйк — ідыёт паводле ўсіх законаў, вынайдзеных славутымі псыхіятрамі. У рэляцыі, пераданай судоваму сьледчаму, было, паміж іншага, напісана:

„Ніжэйпадпісаныя дактары, базуючыся на поўнай псыхічнай атупеласьці і прыраджоным крэтынізьме прадстаўленага вышэйпаказанай камісіі Швэйка Язэпа, вынікаючых з яго слоў, менавіта: „Хай жыве імпэратар Франц-Іосіф, якой заявы цалкам выстарчае, каб азначыць псыхічны стан Язэпа Швэйка, як ясна выяўленага вар‘ята — таму прапануюць:

1. Судовае сьледзтва па справе Язэпа Швэйка спыніць.

2. Накіраваць Язэпа Швэйка ў псыхіятрычную клініку на дасьледваньне і выяўленьне, у якой меры яго псыхічны стан ёсьць небясьпечны для акружаючых“.

У той час, як складалася гэтая рэляцыя. Швэйк дакладваў сваім таварышом па турме:

— На Фэрдынанда плюнулі, а чапіліся да мяне яшчэ з большай недарэчнасьцю. Зрэшты мы адзін аднаму сказалі, што нам гэтага зусім досыць, і разышліся.

— Ня йму я веры, каб усё скончылася гэтак добра, — сказаў скурчаны маленькі чалавек, на лузе ў якога выпадкова адкапалі шкілет, — усюды адно ашуканства.

— Без ашуканства ня можна, — пярэчыў Швэйк, кладучыся на саламяны сяньнік. — Каб усе людзі занадта турбаваліся аб чужым дабрабыце, дык яшчэ хутчэй-бы пабіліся адно з адным.


РАЗЬДЗЕЛ ІV

ШВЭЙКА ВЫГАНЯЮЦЬ З ВАР‘ЯЦКАГА ДОМУ

Апісваючы пазьней сваё жыцьцё ў вар‘яцкім доме, Швэйк надзвычайна хваліў гэтую ўстанову.

— Шчыра кажучы, ня ведаю, чаму гэтыя вар‘яты так злуюцца, што іх там трымаюць. Ніхто ў свай волі там не абмежаваны: дазваляецца там поўзаць галяком па падлозе, выць