Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Справа была зусім ясная. Дзякуючы зробленай па ўласным пачыне Швэйкавай заяве, адпала цэлая чарада запытаньняў і засталася толькі некалькі найвышэйшых па сыстэме доктара псыхіятрыі Калерсона, доктара Гэвэроха ды ангельца Вэйкінда.

— Радзі цяжэйшы за волава?

— Я яго, прабачайце, ня важыў, — са сваёй мілай усьмешкай адказаў Швэйк.

— Так. Верыце ў сканчэньне сьвету?

— Перш я павінен пабачыць гэтае сканчэньне. Але ў кожным разе заўтра яго яшчэ ня будзе, — адказаў Швэйк.

— А ці здолелі-б вы вылічыць дыямэтр зямное кулі?

— Прабачайце, ня здолеў-бы, — адказаў Швэйк. — Дазвольце мне самому загадаць вам адну загадку. Стаіць трохпавярховы дом, на кожным паверсе гэтага дому па восем вакон, на страсе два коміны, на кожным паверсе жыве па два кватаранты. Цяпер адкажэце, панове, у якім годзе памерла ў швейцара яго бабулька?

Судовыя дактавы многазначна паглядзелі адзін на аднаго. Адылі адзін з іх зрабіў яшчэ запытаньне:

— Ці ня ведаеце вы, якая найбольшая глыбіня ў Ціхім акіяне?

— Прабачайце, ня ведаю, — пачуўся адказ, — але мяркую, што канечна будзе большая, чымся пад Вышградзкай скалой на Ўлтаве[1].

— Досыць? — запытаў ляконічна старшыня камісіі.

Але адзін сябра папрасіў ўсё-ткі дазволу зрабіць яшчэ наступнае запытаньне:

— Колькі будзе, калі памножыць дванаццаць тысяч восемсот дзевяцьдзесят сем на трынаццаць тысяч восемсот шэсьцьдзесят тры?

— Семсот двадцаць дзевяць, — ня плуснуўшы вокам, адказаў Швэйк.

— Я думаю — зусім досыць, — сказаў старшыня камісіі.

— Можаце абвінавачанага завесьці на старое месца.

  1. Найглыбейшае месца на Ўлтаве.