Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— У Влашыме, дазвольце далажыць, пане фэльдкурат, — пачаў Швэйк, — быў адзін пробашч. Калі ягоная ранейшая экономка зьбегла разам з дзіцянём і грашмі, ён згадзіў сабе новую служанку. Гэты пробашч на старасьці ўдаўся ў вывучэньне сьвятога Аўгустына, які, кажуць, належыць да катэгорыі сьвятых айцоў цэрквы. Дачытаўся ён там, што кожны, хто верыць у антыподаў, падлягае праклёну царквы. Гукнуў ён сваю служанку дый кажа ёй: „Слухайце, вы мне неяк казалі, што ў вас ёсьць сын сьлёсар і што ён паехаў у Аўстралію. Калі гэта так, дык ён, значыць, стаў антыпод, а сьвяты Аўгустын загадвае праклясьці кожнага, хто верыць у існаваньне антыподаў“. — „Бацюшка, — кажа яму баба; — сын-жа мой прысылае мне і лісты і грошы?“ — „Гэта — д‘яблавы штукі, — кажа ёй пробашч. — Паводле навукі сьвятога Аўгустына, ніякай Аўстраліі ня існуе. Гэта вас антыхрыст змушчае“. У нядзелю ён у касьцёле аддаў яе перад усімі добрымі людзьмі на анафэму і крычаў, што ніякае Аўстраліі ня існуе. Прышлося проста з касьцёлу завезьці яго ў вар‘яцкі дом. Ды й шмат каму туды варта-б было. У Урсулінах у манастыры ёсьць бутэлечка з малаком дзевы Марыі, якім яна карміла малога Езуса, а ў дзіцячым прытулку пад Бэнэшовам, калі туды прывезьлі сьвятую лурдзкую ваду, усіх ад яе пагнала так, што хоць ты гвалту крычы.

У набожнага фэльдкурата замуцілася ў ваччу. Ён ачуняў толькі пасьля новае чаркі каньяку. Каньяк даў яму ў галаву. Прыплюшчыўшы вока, ён запытаў Каца:

— Вы ня верыце ў бязмужнае мацярынства дзевы Марыі, ня верыце, што палец Яна Хрысьціцеля, які захоўваюць піярыстыя, сапраўдны? Ды ці верыце вы ў бога наогул? А калі ня верыце, дык чаму-ж вы за фэльдкурата?

— Даражэнькі колега, — адказаў Кац, фамільярна палэпаўшы яго па сьпіне, — пакуль дзяржава ня прызнае, што салдаты, якія ідуць паміраць у баёх, не патрабуюць божага блаславеньня, датуль пасада фэльдкурата добра аплачваецца і лішне не абцяжарвае чалавека. Гэта мне больш да ўпадобы, чымся бегаць па пляцы ды хадзіць на манэўры. Даўней мне давалі розныя загады, а цяпер я раблю, што хачу. Я замяшчаю