Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/129

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Прывычка, — сказаў Кац. — Часам нават лаўлю сябе на тым, што абражаю бога. Швэйк, наліце пану курату. Паслужыце-тка на вайсковай службе столькі, як я, — яшчэ ня гэтак будзеце лаяцца. Піце, дарагі колега.

Былы настаўнік закону божага няўпрыцям для сябе выпіў. Відаць было, што яму карціць нешта сказаць, ды ня змога. Ён парадкаваў думкі.

— Паважаны колега, — гаварыў далей Кац, — больш бадзёрасьці, не ўдавайце з сябе чалавека, якога за пяць хвілін мусяць павесіць. Чуў я, нібы вы аднойчы ў памылцы зьелі ў пятніцу ў адным рэсторане біток з сьвініны і пасьля гэтага пабеглі ў прыбіральню ды ўторкнулі сабе два пальцы ў рот, каб вас званітавала, баючыся, каб бог не пакараў. Я-ж сам не баюся есьці ў пост мяса і не баюся ніякага пекла. Што з вамі? Выпіце хутчэй!.. Стала лепей?.. Ці можа ў вас больш прогрэсыўны погляд на пекла, мо‘ вы ідзіцё аднэй ступою з сучаснымі павевамі думкі і з рэформістамі? Гэта значыць вызнаіцё, што ў пекле замест простых катлоў з серкай для няшчасных грэшнікаў ужываюцца Папінавыя катлы высокага даўленьня, што грэшнікаў падскварваюць на маргарыне, а ражны круцяцца электрычнасьцю? На працягу міліёнаў год трушчаць іх, гаротных, паравымі каткамі, якімі ўбіваюць сашу, іхныя енкі запісваюць на грамафонныя кружэлкі, ды потым гэтыя кружэлкі адсылаюць угару, у рай, на пацеху праведнікаў? А ў раі працуюць новыя распырсквальнікі одэколёну ды сымфонічныя оркестры анёлаў граюць Брамса так шчыра, што лепш уцячы з раю куды-небудзь у пекла або ў чысьцец? У анёлачкаў да азадкаў прымайстраваны пропэлеры, каб не натрудзілі сабе крылцаў?.. Піце, колега! Швэйк, наліце яму каньяку, — яму, здаецца, дрэнна.

Троху адхамянуўшыся, набожны фэльдкурат здушаным голасам пракулдыячыў:

— Рэлігія ёсьць разумовае сузіраньне… Хто ня верыць у існаваньне сьвятое тройцы…

— Швэйк, — перапыніў яго Кац, — налеце пану фэльдкурату яшчэ чарку каньяку, — хай прачухаецца троху. Раскажыце яму што-небудзь, Швэйк!