Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

некага, хто ня існуе, і сам граю роль бога. Не захачу каму-небудзь дараваць грахоў, дык не дарую, хоць на калены прада мной станавіся. Адылі гэткіх знойдзецца надзвычай мала.

— Люблю госпада бога, — ікнуў набожны фэльдкурат, — дужа люблю… Дайце мне віна. Шаную господа бога і паважаю. Нікога так не паважаю, як яго!..

Ён грукнуў кулаком аб стол, аж бутэлькі пападскоквалі.

— Бог — найвышэйшая, незямная істота, дасканалая ўва ўсіх сваіх праявах. Гэта — асьвечаная сонцам істота, і ніхто мяне на іншае не пераканае. І сьвятога Язэпа шаную і ўсіх сьвятых, і нават сьвятога Сарапіёна… У яго дужа брыдкае імя!..

— Так, яму-б ня шкодзіла паклапаціцца, каб адмяніць, — зазначыў Швэйк.

— Сьвятую Людмілу люблю і сьвятога Барнара, — гаварыў далей былы настаўнік закону божага. — Ён ратаваў многа падарожнікаў на Сэн-Готардзе. На шыі ў яго бутля з каньяком, і ён адшуквае завеяных сьнегам…

Забава ўзяла новы кірунак. Набожны фэльдкурат панёс усякую лухту.

— Дзяцей я люблю, іхны дзень дваццаць восьмага сьнежня. Ірада я ненавіжу… Калі курыца сьпіць, няможна дастаць сьвежых яек.

Ён засьмяяўся і запеў:

„Сьвяты божа, сьвяты крэпкі“…

але ўраз суняўся і, абярнуўшыся да Каца, злосна запытаў:

— Вы ня верыце, што пятнаццатага жніўня вялікая прачыста?

Гулянка ішла на ўсе застаўкі. Зьявіліся яшчэ бутэлькі, і Кац раз-по-раз змушчаў набожнага фэльдкурата:

— Скажы, што ня верыш ў бога, а то не нальлю.

Здавалася, што варочаюцца часы ганеньняў на першых хрысьціян. Былы настаўнік закону божага пеў нейкую песьню мучальнікаў рымскай арэны і гвалтаваў:

— Веру ў госпада бога свайго і не зракуся яго! Ня трэба мне твайго віна. Магу і сам за ім паслаць.