Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

„Выкладаньне закону божага з дапамогаю аплявух“. Настаўнік-жа закону быў перакананы, што дзіця ўбярэ ў галаву сабе катахізм лепш за ўсё па аўстрыйскай сыстэме. Набожны фэльдкурат троху кульгаў на адну нагу — вынік сустрэчы ў цёмным завулку з бацькам аднаго вучня. Настаўнік закону божага надаваў у карак ягонаму сыну за тое, што тоў выказаў неймавернасьць да існаваньня сьвятой тройцы; небарака-хлапец дастаў за гэта тры таўкачы: адзін — за бога-ойца, другі — за сына і трэці — за сьвятога духа.

Такім чынам, набожны фэльдкурат прышоў абарачаць свайго колегу Каца на правільны шлях і абуджаць у ім сьвятое сумленьне. Ён пачаў з таго, што зазначыў Кацу:

— Дзіўлюся, чаму гэта ў вас нідзе няма крыжа? Дзе ў вас малітаўнік? Ніводзін сьвяты абраз не аздабляе сьцен вашага пакою. Што гэта ў вас там пад ложкам?

Кац усьміхнуўся.

— Гэта — „Купаньне Сусанны“, а голая жанчына ніжэй — адна мая старая прыяцелька. Направа — японская акварэль, якая малюе родавы акт паміж старым самураем і гэйшай. Ці праўда, дужа орыгінальна?.. А малітаўнік у мяне на кухні. Швэйк! Прынясіце яго сюды і разгарнеце на трэцяй старонцы.

Швэйк пайшоў на кухню, і адтуль пачулася, як тройчы покнулі адкаркаваныя бутэлькі.

Набожны фэльдкурат зьбянтэжыўся, як убачыў на стале тры бутэлькі.

— Гэта лёгкае царкоўнае вінцо, колега, — сказаў Кац. — Надзвычай добры рысьлінг. Смакам нагадвае мозэльскае.

— Я піць ня буду, — занатурыўся набожны фэльдкурат. — Я прышоў, каб абараціць вас на правільны шлях.

— Але-ж у вас перасохне ў горле. Выпейце трошку, а я паслухаю. Чалавек я лагодны, магу паслухаць і чужыя думкі.

Набожны фэльдкурат троху глынуў, і вочы ў яго палезьлі на лоб.

— Ну і віно, на яго ліха! Як, колега, а? — запытаўся Кац.

Фанатык цьвёрда сказаў:

— Я заўважаю, што вы вымаўляеце няпрыстойныя словы.