Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

там, дзе было троху вальнейшае месца, перад вакзальным будынкам, прахаджвалася пара. Ён — стромкі, харошы афіцэр, з дужа крывою шабляю, што валачылася па зямлі, яшчэ зусім маладзенькі. Яна — то-ж маладая, ды грубенькая, мусіць цяжарная, паня, уся чырвона-ружовенькая і з вопраткі, і з твару. Ëн усё ёй нешта казаў і казаў, нахіляючыся да яе галоўкі і ўзноў ідучы проста, у задуме, а яна ўзяла з яго рук хлысьцік, маўчала, сьціскала хлысьцік і, здаецца, плакала ціхімі сьлязьмі. Так мне зрабілася іх шкода, хоць і ня любіў я афіцэраў і паноў. Тут — шчырае каханьне і разлука…

А нашы батарэйныя „гарохі“ бегалі заклапачоныя, хаваючы цяжкія думкі, бегалі, насіліся, рассаджвалі па забітых усякімі скрынкамі і сёдламі вагонах сваіх жонак і дзяцей, падавалі ім у рукі свой спакаваны скарб, а рабілі ўсё так, як панскія слугі, лёкаі: каб ня дужа каму кідалася ў вочы. І брыдка, і жаласна было глядзець на іх бацькаўскі клопат у паднявольных людзей, і шкода было бедных „гарохавых“ дзяцей.

Вольныя людзі прапускалі нас на станцыях як на вайну. Апраненыя бедна жанчыны вынасілі вёдры вады, бегалі па колькі раз, не шкадуючы турбацыі, каб толькі мы ўсе напіліся. Беленькія паненкі, калі такія, што гаманілі парасійску ці паяўрэйску, а не папольску, кідалі нам у вагоны краскі, а як цягнік адыходзіў, махалі хустачкамі і крычэлі нешта вясёлае.

Начою ў вагоне пісары нашы і з пару „гарохаў“ узноў пілі гарэлку, — быццам бы гарбату, з кацял-