Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ну, і трапіў у завіруху!

Цэлы той дзень і палову другога дню мы складваліся, пакаваліся, пераяжджалі на станцыю i разам з другімі, вайсковымі часткамі лагеру — пяхотай, артылерыяй, сапёрамі — грузіліся, суяціміліся, куламесіліся…

Цалюсенькую ноч гарэлі вогнішчы, гаманілі і крычэлі людзі, тарахцелі хурманкі, порскалі коні, а па-над усім гэтым нудна-дражліва галасілі ў ядраным паветры зорнай ночкі сьвісткі цягнікоў.

Я пасабляў пакаваць канцылярыю, начаваў на даўгой дашчатай скрынцы з батарэйнымі паперамі. Пісары, Беленькі і нейкія мне незнаёмыя салдаты-„арыстакраты“ пілі ў баковачцы гарэлку, елі мяса з гурком і сітным хлебам, і гневаліся, што я ня йду ў іхную кумпанію, а лёг спаць. Яны гаманілі ўвесь час пра вайну, пілі і елі як перад вайною, нічога сабе не шкадуючы.

Доўга ў лагеры стучэла, гручэла, ляскала зялезьзем, часам чулася салдацкая песьня — і ўсё гэта да познай ночы, аж пакуль я не заснуў, і начою, калі будзіўся ад гоману і свае нутраное трывогі.

Эшалён наш пашоў на другі дзень а пятай гадзіне па абедзе.

Я быў рад, што еду, — куды, усё роўна, абы еду… Цікаўней-жа наглядаць, што тут творыцца навокал, чым сядзець у тым лагеры-вастрозе.

Ужо з вагона, перад адходам цягніка, я бачыў, як паміж усялякага громазду, наваленага адпраўляць,