— А заўсёды, хочаце сказаць…
Злата сьмяючыся пабегла да буфэту.
— Выпадкова, ведаеш… Прыглядзелася, і мне кінулася ў вочы нешта знаёмае ў твары. І не абмыліўся — сустракаліся; памятаеш, у Смагінскім лесе?..
— Добрая ў цябе памяць.
Злата прынесла піва.
Сіман разьліў па шклянках і падняў адну над сталом:
— За цікавае спатканьне!.. А ты, Злата, ня вып’еш?
— Ты не глядзі на мяне, я занятая…
Яна не адводзіла вачэй ад Рыгора.
— Ужо каля двух гадоў як бачыліся! І што за гэты час начаўплося!
Абое стукнуліся шклянкамі і засаб выпілі.
— За лепшую будучыню, Рыгор!..
— Ну, як ты жывеш, скажы хаця? Жонка скардзілася, як мэрам-бы…
— Я жартавала, — пераняла Злата і адбегла ад стала.
— Няцікава жыву…
— А працуеш дзе?
— Лекцыі даю… Маю некалькі вучняў і гэтым… У ліхой бядзе… Якраз жаніўся… Жонка, бачыш, вымушана працаваць… А каб не працавала — туга, брат… Але ты…
Сіман дасьледвальным узрокам агледзеў Рыгора.
— У ваеншчыну падаўся?
— Як бачыш… і думаеш праз каго?
— Скажы.
— Памыйка спакусіў. Стрэў мяне ў Пецярбурзе — во, так во, як я цябе, і давай агітаваць… На гэты раз я ня мог устаяць і здаўся… Якраз з заводу разьлічылі, і чаму-ж бы… Так месяцаў пяць дачыў…
— А дзе-ж цяпер Памыйка?
— Таксама ў Менску… Сустракаў мяне сёньня з Лібаю.
— Значыць, уся Смагінская хэўра сабралася!! — зноў перайшоў на вышэйшую ноту Сіман: — Вось дык гісторыя! За яе мудрыя законы!
Ён зрабіў да таго гучны чок, што наведываючыя, як адзін, абярнуліся ў іх бок.
— Пабіў шклянку? — запытала падбегшы да стала Злата.