— А калі і пабілі адну?..
Сіман узяўся двума пальцамі за вузенькую францускую бародку і з свайго блядога, аб’інтэлігенчанага твару зрабіў дэманскую міну. — Значыць і Ліба тут!
— Цябе гэта дзівіць?
— Ну, Ліба-ж сястрою?
— Так…
Рыгор хвілінку памаўчаў.
— Сазнаюся табе, Сіман, Ліба мяне спаланіла… Яна мне падабаецца, калі хочаш ведаць, як таварыш і… жанчына…
— Яна — мілы чалавек… Шкада мне…
— Пойдзем дахаты? — перабіла Злата.
— Ты ўжо вольная?
— Кончыла… Ах, як я сёньні стамілася! Ты ня знаеш, Сіман, што за цяжкая праца…
— Чула, Злата, Ліба Крамнік тут…
— Цяпер-жа сьвет, як шалёны віхор… Хто думаў, што стрэну іх.
— Гэтага мала, — падаў Рыгор, — а вось нядаўна, зусім перад маім ад’ездам у Менск, я раптам напаткаў Рудольфа Шульца… Прыгналі атрад палонных і, паверыш, ён сярод іх…
— Што ты кажаш?!
— Шаломная нечаканасьць, кажу табе!..
Сьледам Сіман схіліўся да Рыгора і праказаў:
— А, ведаеш, я ўсё яшчэ на нелегальным… І між тым вяду працу…
Рыгор задаволена адказаў:
— Я думаў пра гэта… Цяпер будзе добрая сувязь…
І пачаў з захапленьнем апавядаць аб сваёй працы сярод рабочых атраду.
Парываючыся ісьці, яны прасядзелі да вечара.
Ужо ў вокны харчоўкі пралазіў змрок, калі Злата адарвала іх ад стала.
VIII
СІМАН ГАЛАС з жонкаю давялі Рыгора да Лібінай кватэры.
— Заходзь з Лібаю да нас…
— Абавязкова… Дайце толькі агледзецца…