— Нізенькі… і прасеце… А ён ня тут абедае, часамі?
— Часамі, а часамі і без абеду…
Злату зноў пазвалі на кухню.
Рыгору ніякавата было яе чакаць, але таксама ня ёмка было і выйсьці, не разьвітаўшыся з жонкаю таварыша. Пры гэтым не мяшала-б згаварыцца пра спатканьне з Сіманам.
Ён на момант зацікавіўся думкаю, ці не паведаміць Злаце пра Лібіну прысутнасьць у Менску, а далей раздумаў.
— Я заўтра зайду да вас на абед; можа меў-бы час і Сіман прыйсьці? — запытаў ён падавальніцу, калі яна выйшла з кухні.
— Добра, я скажу яму пра вас.
Рыгор узяў пад казырок і павярнуў да дзьвярэй. І толькі ён адчыніў іх, каб пераступіць парог на вуліцу, як яму перагарадзіў дарогу, павяртаючы ў харчоўку якісьці чалавек.
— Перапрашаю! — папрасіў ён выбачэньня ад Рыгора.
Рыгор, не зьвярнуўшы ўвагі, паднёс руку да шапкі і прапусьціў стрэчнага. У гэты момант ззаду яго аклікнулі:
— На адну хвілінку!
Каля яго стаяла знаёмая яму падавальніца.
— Калі ласка!
— Якраз прышоў мой муж. Вунь ён сядзіць…
Злата з вясёлай усьмешкай ткнула пальцам на сталовую.
— Шанцуе! — праказаў Рыгор і падышоў да стала, за якім сядзеў Сіман.
— Рыгор? — падняўся той і ад шчырасьці затрос Рыгораву руку.
— Неспадзявана як! — выгукнуў ён яшчэ мацней.
Але мэрам-бы спалохаўся свайго гуку і порсткім узрокам павёў па харчоўцы.
— Злата, падай сюды пару бутэлек піва.
— Чакай, — перапыніў яго Рыгор, — я ўжо паабедаў.
— Вось і добра… мая жонка, пазнайся!..
Рыгор падняўся з крэсла і працягнуў знаёмай падавальніцы руку.
— Я ўжо пасьпеў пазнацца. Ха-ха-ха!
— Ласьне?
Сіман паглядзеў на жонку.
— Ён ня хлусіць?
— На гэты раз не…