Уверанасьць і цьвёрдасьць у Рыгоравых словах зьмянілі настрой дзяўчыны. Яна засьмяялася і скорамоўна праказала:
— Ну і цудная-ж я! Плявузгаю ліха ведае што! А каб і трапілася, што мяне заарыштавалі, ці-ж бы я адна была?.. Фуу!
— Кіньце-э, Рыма, з чаго вам прышло гэта ў голаў? — разуважыў яе Рыгор.
Дзяўчына зноў засьмяялася і, каб скрасьці вачавідкую нэрвовасьць, ці то зьвязаную з Пятрусёваю цыдулыкаю, ці незалежную ад яе, перайшла на іншую гутарку.
— А я ўсё чакаю выпадку, калі вы зьвядзеце мяне з вашаю знаёмаю. Помніце, колькі разоў вы абяцалі мне гэта?
Рыгор паглядзеў на Рыму.
— Я добра гэта помню, але, да шкоды, рэдка вас бачу.
— Можа мяне вінаваціць станеце ў гэтым? Я так і думала…
У Рымы па твары прабегла лёгкая чырвань. Яна падняла зрэнкі ўгару і з хвіліну глядзела ў столь. Пасьля падышла да акна і столькі-ж часу стаяла, адвярнуўшыся ад Рыгора.
— Вы мне даруйце, я мушу зараз ісьці, — няўвераным голасам праказала яна, зрабіўшы пару крокаў ад акна.
— Я бачу, што вы ўсхвалёваны нечым, Рыма? — хапіў яе за руку Рыгор: — Вы пакрыўдзіліся, што я…
— Не, не-э… Я… Пятрусь, вы… Пусьцеце мяне, прашу вас…
Рыма тузанула і вырвалася з Рыгоравых рук. Не праказаўшы слова і не азірнуўшыся на яго, кінулася ў дзьверы і схавалася.
Задзіўлены яе паводзінамі, Рыгор пагнаўся ўсьлед ёй, але калі дабег да дзьвярэй на сходы, Рыма ўжо сходзіла апошнія ступы. Ён пастаяў, пакуль яна схавалася за сьцяною, і вярнуўся ў пакой: «Што з ёю такое?» — падумаў Рыгор: «Спаткалася, як трэба, а нарэшце — вунь што! Няўжо тут замешана нешта такое, да чаго маю і я дачыненьне? Ганна? Знаёмства з Пятрусём?»
Рыгор доўга раздумваў пра гэта, занядбаўшы і гарбатаю, і газэтамі, і намерам праехацца ў горад… Толькі а гадзіне дзесятай вечара навеенае Рымаю пачуцьцё расплылося, і ён вярнуўся ў думках да Пятруся.
Вестка ад яго, прынесеная Рымаю, ня гледзячы на ўсё іншае, супакойвала Рыгора. Ёю вырашалася задача, якая так моцна захапіла яго некалькі часу назад. Цяпер аставалася адно: вылучыць дзень і пайсьці да Пятруся на спатканьне. «Гэта трэба зрабіць, як найхутчэй, а то Пятрусь, напэўна, думае, што я пра