Час недахопаў, пабіраньня і ўпартых дапамінаў пра грошы — мінаў. Заработак абяцаў некаторую забясьпеку. Яшчэ тыдзень- другі і Рыгор сумее пакрыць першыя патрэбы. Выходзячы з заводу, ён разьмяркоўваў, куды і на што прыдзецца аддаць частку атрыманых грошай. Выяўляліся тры месцы першае чаргі: выслаць мацеры, зьвярнуць Ганьне і пераслаць Пятрусю. Толькі як гэта зрабіць? Мацеры выслаць — вельмі проста; знойдзецца падыход і да Ганны. Угаворамі, націскам на сяброўскае пачуцьцё ён сумее яе схіліць. З Пятрусём — цяжэй. Прайшло больш месяца, як ён арыштаваны. Пятрусёва маўчанка наводзіла Рыгора на падазронасьць і неспакой.
Не павінна-ж быць, каб яго так запраторылі, што аднялі ўсякую сувязь з вольным сьветам!
Рыгор да таго ўвайшоў у раздум, што не заўважыў, як абмінуў двор свае кватэры. Раптоўны вокліч прымусіў яго спыніцца. Ён азірнуўся і ўгледзеў накіраваўшую да яго Рыму.
— Рыгор, я вам нясу паклон. Думаеце, ад каго?
— Магчыма, ад…
— Так, ад Пятруся, — пераняла яго Рыма: — сёньня раніцою прынесьлі ліст. І, ведаеце, ліст абазначаны пятнаццатым днём жніўня. Тры тыдні ішоў ад прадварылкі да Ляснога.
— Ён ішоў праз пошту?
— Хто яго ведае, як і што; паштовая пячатка ёсьць.
— Дык зойдзем да мяне і пачытаеце. Нам трэба будзе абгаварыць справу дапамогі Пятрусю.
— Спатканьне даецца два разы на тыдзень. Давайце, ахвяруем дзень.
Яны зайшлі да Рыгора. Пятрусь шчыльна аб’яднаў пачуцьцё абодвух, і яны прагавіта накінуліся на ліст. Рыма завучана прачытала яго Рыгору. Той выслухаў і пацяў плячыма.
— Ды што можна іншае пісаць? — запытаў ён ні то ў сябе, ні то ў Рымы.
— Але я рада і гэтаму. Нарэшце, хоць сэрца адлягло…
Выказаўшы гэта, Рыма змаўчала, мэрам-бы чаго спалохаўшыся.
— Вы мне скажэце, Рыгор, ці гэта бясьпечна для мяне, што поліцыя знацьме мой адрас і мае дачыненьні да Пятруся?
— Чаму вы пытаеце?