яго і забыў». Рыгор спыніўся на бліжэйшым чацьвяргу і перайшоў у думках да Ганны з мацярай.
Цікава, у якую-ж форму выльлецца гутарка з Ганнаю? Ён возьме і запрапануе ёй грошы, спасылаючыся на яе дапамогу мацеры, на яе недастатковы заработак… А Ганна? Добра-ж, калі яна абмяжуецца голай адмовай, а калі…
Рыгор дапусьціў, нарэшце, крануць сваіх інтымных адносін да Ганны. Яскрава прадстала яму гэта дзяўчына ў настроі замілаваньня і нутраное асалоды, дбайна хаваючы яго ад апаскі ў сваім цесным пакоі. Як міла і цёпла глядзелі на яго Ганьніны мяккія вочы! Колькі ў іх спагады і братняе любасьці! Якая яна ласкавая і гасьцінная! Магчыма, Ганна лашчыць многа надзей… якія, аднак, далёка ад ажыцьцяўленьня. Цікава ўсё-ж выклікаць яе на адкрытую гутарку… Няўжо дзяўчына пра гэта ня думала?
Думка за думкаю блытаным сплётам вілася ў Рыгоравай галаве. Водгукам на іх сэрца адбівала спагадлівы настрой.
Рыгор хутка абарваў і думкі, і настрой. Ён раптам сеў да стала і ўзяўся за пісаньне лісту да мацеры. Ён папераджаў яе, што разам з лістом высылае пятнаццаць рублёў грошай; гэта мала, але няхай маці ўбачыць; спусьціўшы нейкі час, ён сумее выслаць больш. Покуль яму трэба расплаціцца з даўгамі, купіць сёе-тое, а стане вальней — тады…
Пятнаццаць рублёў дапамогі мацеры выклікала ў ім пачуцьцё задавальненьня. Спадаў нейкі цяжар з плеч, калі ён канчаў з лістом, адначасна адлажыўшы ў другое месца вызначаную суму.
«Маці атрымае і…»
Стук у дзьверы пакою падняў Рыгора на ногі. Ён правёў няроўную рысу па паперы і адсунуў яе ў бок.
— Прашу!
— Вам ліст, — прачыніўшы дзьверы, падала гаспадыня кватэры.
— Дзякую.
Рыгор узяў ліст з рук гаспадыні і паглядзеў на конвэрт, дзе была пячатка. «З Сілцоў!» — праказаў ён сам сабе і падышоў да акна з намерам прачытаць яго. Тут яго ўвагу адцягнуў аэроплян: вагромнаю птушкаю выпархнуў ён з-за высокага будынку і плаўна закруціўся перад акном яго пакою. Рыгор бачыў, як шэрая істужка дымку пляла ўзоры пад яго хвастом, мэрам-бы жартуючы з тройкаю чудлівых варон, што ляталі ўсьлед аэропляна. Да яго вушэй даходзіла цягучае гудзеньне пропэлеру. Відовішча