Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

да шаленства і ён, дабрадушны і слабы чалавек, з ліхарадачнай нецярплівасцю дачакаўся ночы і, як воўк на здабычу, з агнём ў руках, пабег знішчаць свой былы дом… Але вось, яго хапілі… замкнулі… Надышла ноч. Чаго ён не перадумаў у гэту жорсткую ноч! Цяжка перадаць словамі ўсё, што адбываецца ў чалавеку ў такія моманты, усе пакуты, якія ён церпіць; яно тым больш цяжка, што гэтыя пакуты і ў самім чалавеку: бясслоўныя і нямыя… Пад раніцу, перад прыходам Навума з Яфрэмам, Акіму стала як быццам лёгка… усё прапала! падумаў ён… усё на вецер пайшло!.. і махнуў рукою на ўсё. Калі-б ён нарадзіўся з душой нядобрай, у гэты момант ён мог-бы зрабіцца разбойнікам; але зло не было ўласціва Акіму. Пад ударам нечаканага і незаслужанага няшчасця, у чадзе роспачы, рашыўся ён на злачынную справу; яна ўзрушыла яго канчаткова і, не ўдаўшыся, пакінула ў ім адну глыбокую стомленасць… Адчуваючы сваю віну, адарваўся ён сэрцам ад усяго жыцейскага і пачаў горка, але старанна маліцца. Перш маліўся шэптам, нарэшце, ён, магчыма, выпадкова, ўголас прагаварыў: госпадзі! — і слёзы пырснулі з яго вачэй… Доўга плакаў ён, і сціх, нарэшце… Думкі яго, напэўна, змяніліся-б, каб яму прышлося паплаціцца за сваю ўчарайшую спробу… але вось, ён нечакана атрымаў свабоду… і ён ішоў на спатканне з жонкай, напалову жывы, увесь разбіты, але спакойны.

Дом Лізаветы Прохараўны стаяў за паўтары вярсты ад яе вёскі, налева ад прасёлка, па якому ішоў Акім. Ля павароткі, якая вяла да панскай сядзібы, ён спыніўся быў… і прайшоў міма. Ён рашыў перш зайсці ў сваю былую хату да старога дзядзькі.

Невялікая і досыць ужо старая Акімава хата была амаль на самым канцы вёскі; Акім прайшоў, усю вуліцу, не сустрэўшы ні душы. Увесь народ быў на абедні. Толькі адна хворая старая адчыніла акенца, каб паглядзець яму ўслед, ды дзяўчынка, якая выбегла з парожнім вядром да студні, загледзелася на яго і таксама праводзіла яго вачыма. Першы чалавек, які трапіў яму насустрач, быў іменна той дзядзька, якога ён шукаў. Стары з самага рання прасядзеў на прызбе пад акном, нюхаючы табачок і грэючыся на сонцы; яму не зусім здаровілася, таму ён і ў царкву не хадзіў; ён толькі што сабраўся наведаць другога, таксама хворага, старога суседа, як раптам убачыў Акіма… Ён спыніўся, падпусціў яго да сябе і, зазірнуўшы яму ў твар, сказаў:

— Здароў, Акімка!